Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяса даражэе на 35%, малако — на 10%, хлеб — на 5%


Гранічныя максымальныя адпускныя цэны вырастуць 17 траўня.

Пастанову пра гэта прыняло Міністэрства эканомікі.

Даражэюць:
сьвініна
ялавічына
малако
кефір
сьмятана
тварог
хлеб
батоны
выпечка

У дакумэнце таксама напісана, што ў чэрвені хлеб падаражэе яшчэ на 5%.

Падвышэньне цэнаў на хлеб і малочныя прадукты стала другім у 2012 годзе, на мяса — першым, адзначае Інтэрфакс.

Ці варта чакаць росту цэнаў далей?

Эканаміст Дзьмітрый Крук адзначыў: гэта сьведчыць пра тое, што ў мінулым годзе рост цэнаў штучна стрымліваўся. Цяпер пачынаецца іх набліжэньне да рынкавага ўзроўню, напрыклад, да таго, які ёсьць у суседніх краінах:

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

«Гэта тое, што непазьбежна, калі цэны, напрыклад, на мяса ў Беларусі нашмат ніжэйшыя, чым цэны ў Расеі. Таму ўзьнікае матывацыя для таго, каб вывозіць гэтае мяса ці іншыя рэчы ў суседнія краіны. Таму, каб пазьбегнуць гэтай сытуацыі, — а яна ўзьнікла з таго, што ў мінулым годзе штучна стрымліваліся цэны на гэтыя тавары, — то ў гэтым годзе трэба павышаць».

Карэспандэнт: «Ці можна чакаць далейшага падвышэньня цэнаў, бо, відаць, гэтыя цэны яшчэ ня выраўняліся?»

Крук: «Па тых таварах, дзе ня выраўняліся, — так. Паступова гэта непазьбежна. Тут галоўнае пытаньне — колькі гэта зойме часу, на чыім баку будзе прэфэрэнцыя: на баку эканамічнай мэтазгоднасьці ці на баку палітычных мэтаў. І па тых таварах і паслугах, па якіх цэны стрымліваліся, непазьбежны далейшы рост. Напрыклад, тарыфы на жыльлёва-камунальную гаспадарку і так далей. Так, яны будуць падвышацца далей. Тое, што мы маем, — гэта проста раскладаньне росту цэнаў паміж пэрыядамі. Стрымаўшы ў адзін пэрыяд, мы сутыкаемся з даволі рэзкім ростам у другі».

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адзначае, што ў Беларусі працягваецца рост інфляцыі. У гадавым пераліку цэны на тавары першай неабходнасьці могуць вырасьці ў два разы. Багданкевіч лічыць, што інфляцыя — гэта вынік незбалянсаванасьці на спажывецкім рынку.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Канкурэнцыі няма. Гіпэркрамы робяць палітыку, канкурэнцыя разбураная што да малых прадпрыемстваў, якія павінны былі зьбіваць цэны. Імпарт зьменшыўся, таму імпартных тавараў стала меней на рынку. Гэта таксама ўплывае на рост цэнаў. Апроч таго, Лукашэнка заяўляў правільна, што трэба, каб заробкі расьлі ў меру прадукцыйнасьці працы. Аднак прадукцыйнасьць вырасла на 3%, а прыбыткі растуць вышэй. Бюджэтнікам ад 1 траўня заробкі паднялі на 20%. Паднімаць трэба, але на базе мадэрнізацыі эканомікі, на базе рэформаў. Калі гэтага не адбываецца, то ўсялякае падвышэньне заробку вядзе да росту цэнаў. Гэта адваротны бок мэдаля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG