Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ прапанавала свайму лідэру Зянону Пазьняку рыхтавацца да свабодных прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта і пра іншае – гутарка ў праграме "Вынікі дня".

Навумчык: У красавіку паліткамітэт КХП БНФ абнародаваў заяву, дзе сказана, што «Асоба, якая ёсьць альтэрнатывай дыктатуры і якую Партыя Фронту прапануе на вольныя выбары прэзыдэнта — Зянон Пазьняк. Рацыянальна было б прапанаваць Зянону Пазьняку ўжо цяпер (адразу пасьля пастановы Сойму) фармаваць групу падтрымкі прэзыдэнта вольнай Беларусі, не абмяжоўваючы колькасна яе склад». А днямі Сойм БНФ прапанаваў Вам рыхтавацца да ўдзелу ў «свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбарах». Тут, напэўна, трэба раскласьці пытаньне на некалькі частак. Першая — што трэба разумець пад такімі выбарамі, і калі яны рэальныя ў Беларусі?

Пазьняк: Пад гэтым трэба разумець перш за ўсё тое, што беларусы павінны быць падрыхтаваныя да нечаканых перамен. Таму што дыктатура, як правіла, абвальваецца. І вось тут улада не павінна валяцца пад нагамі. Іначай яе падбяруць яшчэ горшыя. Ёсьць ужо вопыт, у тым ліку афрыканскі, Так што пад гэтым трэба разумець фармаваньне сілы, якая будзе рыхтаваць вольную нацыянальную Беларусь. Гэта значыць, нацыянальных палітыкаў, якія стаяць на нацыянальнай ідэі, якія прымаюць нацыянальныя каштоўнасьці, і разумеюць нацыянальны інтарэс. Гэта тыя палітыкі, якія прыводзяць да дэмакратыі і незалежнасьці. Другіх выпадкаў мы ня ведаем. Вось гэтая мэта пастаўлена і яна ўжо пачынае рабіцца.

Навумчык: Вось Вы сказалі — «дыктатуры абвальваюцца», а — якім чынам? Сама дыктатура абвальваецца ці хтосьці яе абвальвае? І якія варыянты?

Пазьняк: Гэтыя пытаньні я ня буду абмяркоўваць. Таму што задача пастаўленая — падрыхтаваць сілу нацыянальную, падрыхтаваць спэцыялістаў, падрыхтаваць групу, якая будзе думаць, прагназаваць і ствараць будучыню вольнай Беларусі. Бо зразумела, што адразу павінны адбыцца выбары дэмакратычныя, і іх нехта павінен падрыхтаваць. Хто іх будзе рыхтаваць? Хто? Ніхто? Такога ня можа быць. Іх павінны рыхтаваць беларусы. Павінна рыхтаваць сіла, якая дбае пра нацыянальную будучыню краіны. Вось гэта мы рыхтуем. А як будзе абвальвацца, і як абвальваць — гэта пытаньне другое. І на гэтае пытаньне пакуль я адказваць ня буду, хаця пра гэта мы таксама думаем, робім, што можам і будзем рабіць. Але паўтараю: зараз стаіць пытаньне аб стварэньні нацыянальнай сілы, якая можа падрыхтаваць будучыню Беларусі.

Навумчык: Ну вось у сувязі з гэтым — наступнае пытаньне. Ці не баіцеся Вы, што Вашыя апанэнты з апазыцыйнага лягеру могуць заявіць — вось Пазьняк хоча, каб нехта зрабіў дэмакратычныя ўмовы, а ён потым возьме ўдзел у выбарах?

Пазьняк: Што датычыць апанэнтаў так званых, то ўсё, што яны казалі, кажуць і будуць казаць — мне добра вядома. І таму ня мае ніякага значэньня, што яны кажуць. Мае значэньне, што мы зробім. Ва ўсякім разе, калі ўжо гаварыць пра палітычных апанэнтаў і Пазьняка, то Пазьняк нешта зрабіў на палітычным полі. А гэтыя людзі не зрабілі нічога, акрамя шкоды. Хай гавораць, мы будзем рабіць сваю справу.

Навумчык: Ці дапускаеце Вы кансультацыі з прадстаўнікамі іншых партыяў і рухаў у гэтай справе?

Пазьняк: Цалкам магчыма. Гэта будзе вырашацца на індывідуальным ўзроўні. Цалкам магчыма, бо людзей, у якіх баліць сэрца за Беларусь, ёсьць усюды. Іх трэба сабраць. Так што я гэта дапускаю. Але паўтараю. гэта можа быць размова на індывідуальным ўзроўні.

Навумчык: Вы ўжо далі адказ сваім аднапартыйцам, і які гэты адказ?

Пазьняк: Была рабочая гаворка і я ўжо прыступаю да працы. Мы цудоўна разумеем, што гэта пытаньне трэба абавязкова прысьпешваць, арганізоўваць, інакш можа здарыцца сытуацыя бескантрольнага развалу. І гэта вельмі небясьпечнага. Пра гэта мы якраз і думаем, калі выстаўляем такія задачы для дзейнасьці. Тут ізноў паўтару тэзіс, што нацыянальную палітыку робяць толькі нацыянальныя палітыкі, тыя людзі, якія сыходзяць з нацыянальных інтарэсаў, каштоўнасьцяў і разуменьня таго, што неабходна для выратаваньня нацыі.

Гаварыць зараз аб дэмакратыі трэба, але трэба і разумець, што дэмакратыя і барацьба за дэмакратыю (як і правы чалавека) — ёсьць зьявы вытворныя ад этнацыду, які адбываецца на Беларусі. На Беларусі зьнішчаюць нацыю, зьнішчаюць мэтадычна, тэхналягічна і мэтанакіравана. І зьнішчэньне правоў чалавека — гэта вынік зьнішчэньне нацыі. Гэта вынік забароны школаў, вынік забароны мовы, цыркуляраў, гэта вынік траўленьня моладзі і г. д. І пры такой дыктатуры галоўная задача — змаганьне з дыктатурай.

Пры гітлераўскай дыктатуры было б сьмешна, калі б нехта змагаўся за дэмакратыю. Трэба было змагацца з Гітлерам. Дыктатура, якая існуе ў Беларусі, яна антыбеларуская, антынацыянальная, яна зьнішчае нацыю і за яе сьпіной стаіць Масква. Гэта вялікая сіла. І гаварыць пра правы чалавека, не гаворачы аб галоўным — гэта ілюзыі, інтфантылізм. Мы цудоўна разумеем: не было б незалежнай Беларусі ў 90-ых, калі б за яе не змагаліся нацыянальныя сілы, якія разумелі,чаму патрэбна незалежнасьць, на чым яна палягае і што яна дае. Калі б тады была такая псэўдаапазыцыя, як зараз, мы ня мелі б нічога, нас бы ўжо не было.

Навумчык: Можна так зразумець, што Вы фактычна згаджаецеся ўдзельнічаць у наступных, дакладней, у свабодных прэзыдэнцкіх выбарах?

Пазьняк: Гэта будуць выбары пасьля абвалу дыктатуры. Пры дыктатуры ніякіх выбараў ня будзе. Гэта трэба забыць. Гэтым займаецца псэўдаапазыцыя, своеасаблівая структура рэжыму. Гэта людзі, якія ў 2010 годзе стварылі правакацыю, дапамаглі Лукашэнку ўмацаваць і легітымізаваць у пэўнай ступені сваю ўладу, і селі ў турму. Яны наіўныя, яны не разумеюць, у якой палітыцы яны ўдзельнічаюць. Яны ўвесь час удзельнічаюць у праектах рэжыму. І на гэтыя выбары яны пойдуць. з турмы вярнуцца — ізноў пойдуць на выбары. Гэта ня ёсьць нацыянальныя палітыкі. Таму ні аб якіх выбарах зараз гаворкі быць ня можа. На выбары пойдуць толькі тыя, якія будуць дапамагаць рэжыму. Альбо якія не разумеюць, што яны робяць. Маюцца на ўвазе тыя выбары, якія будуць пасьля ліквідацыі рэжыму. А рэжым будзе ліквідаваны, ён ужо доўга ня будзе, мы гэта бачым. І мы павінны быць гатовыя да гэтых выбараў.

Навумчык: Мы хацелі б папрасіць Вас пракамэнтаваць дзьве ініцыятывы, якія цяпер актыўна абмяркоўваюцца ў палітычным асяродку. Першая — гэта заява палкоўніка спэцназу ў адстаўцы Барадача аб ініцыятыве стварэньня афіцэрамі і былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў «пераходнага ўраду ў выгнаньні», і другое — словы міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Аджубаліса, цытую: «Я ўжо сапраўды стаміўся ад усіх плянаў падтрымкі апазыцыі ў Беларусі. Апазыцыя падзеленая. У яе няма яснай пазыцыі ў справе падрыхтоўкі да наступных выбараў... Разам з нашымі амэрыканскімі сябрамі нам трэба пачаць думаць пра нейкую пераходную раду. Трэба стварыць альтэрнатыўны цэнтар улады. Гэткая паралельная структура магла б мець розгалас у самой Беларусі».

Пазьняк: Тут два пытаньні. Першае — пра Уладзімера Барадача. Я ведаю Уладзімера Барадача як чалавека вельмі прыстойнага і чэснага афіцэра. І вось таму, што ён чэсны афіцэр, ён можа быць падвержаны ўплыву пэўных «прагрэсіўных думак». Прагрэсіўных, таму што яны ўспрымаюцца, і думаю, тут бяз гэтага не абышлося. Гэтыя пытаньні рыхтаваліся даўно Гансам Георгам Вікам і тымі, хто зь ім. Ідэя была выказана нядаўна на Радыё Свабода самім Вікам. Можа, ён выпадкова прагаварыўся, але яна была выказана.

Гэта тая самая тактыка, якую Вік праводзіў у канцы 1990-х — пачатку 2000-х на Беларусі. Быў расколаты Народны Фронт, былі зробленыя перамовы з рэжымам (чаго ў прынцыпе рабіць нельга ў палітыцы, калі рэжым дыктуе свае ўмовы і моцны). І ў выніку была створаная псэўдаапазыцыя, якая існуе па сёньня. Цяпер гэтая тактыка пераносіцца за мяжу. І задача пастаўленая вельмі простая: зьнішчыць беларускую нацыянальную эміграцыю. Такім жа чынам арганізаваць псэўданацыянальны ўрад. І вакол гэтага «ураду» сабраць усю агентуру, якую зараз пазакідалі на Захад і настваралі розных офісаў. Сабраць усю гэтую кампанію, якая ёсьць у Брусэлі, Варшаве, Вільні, і такім чынам зрабіць псэўдаэміграцыю.

Гэта тактыка вядомая, яна праведзена была з НТС у 1930-ых, у 1990-ых з Рускай зарубежнай царквой. І зараз вырашылі зрабіць гэта з беларускай эміграцыяй. І ў выніку — на Беларусі нацыянальныя сілы разьбітыя, сьпіхнутыя ўбок, падтрымліваюць псэўдаапазыцыю, якая ўдзельнічае ў праектах рэжыму. І тое самае хацелі зрабіць на Захадзе. Дык вось: гэта ім ня ўдасца. Гэта ім не ўдасца, і таму пачаўся такі вэрхал.

Дарэчы, гэтае пытаньне, пра якое мы з Вамі гаворым, яно не сакрэт, ужо месяц таму было ўсё ў Інтэрнэце, мы абмяркоўвалі праблему ў партыі, што мы будзем рабіць, і тут жа пачалося вельмі шмат ініцыятыў. І тыя, і другія, тут і ўрад трэба ствараць, і Раду БНР закранулі, — а гэта таксама мэтода. Так што я думаю. гэта не выпадкова, бо людзі, хто гэта робіць, цудоўна разумеюць, адкуль ім небясьпека. А небясьпека ідзе ад нацыянальнай дэмакратыі, якая стварае сапраўдную дэмакратыю, а не халтуру пад пратэктаратам Эўразьвязу. Гэта рэакцыя на нашу ініцыятыву з аднаго боку, а з другога — праява плянаў пэўных палітыкаў з Эўразьвязу, якія раскусілі. Былі артыкулы Янкі Запрудніка на гэтую тэму і іншых.

Цяпер што датычыць спадара Ажубаліса. Я размаўляў з Ажубалісам, спатыкаўся зь ім, гэта талковы, разумны чалавек. І канешне, вельмі дзіўна чуць такую заяву з вуснаў міністра замежных спраў іншай дзяржавы. Такое мог сказаць нейкі беларускі палітычны эмігрант, гэта нармальна было б — «мы павінны падумаць, што рабіць, як арганізаваць і гэтак далей». Гэта мог сказаць Уладзімер Барадач, ён сказаў. А калі гэта гаворыць міністар замежных спраў Літвы, то гэта выглядае трошкі дзіўна. Ну тым ня менш ён гэта сказаў. І я думаю, што сказаў таму, што Эўразьвяз выкарыстоўвае ў значнай ступені Літву, часткова Польшчу, для агучваньня сваёй палітыкі і пэўных інтарэсаў.

Прыгадаем скандальнае спатканьне Лукашэнкі з Даляй Грыбаўскайце. І тыя заявы, якія яна рабіла. Зразумела, якую функцыю выконвала прэзыдэнт Літвы. Гэта вынік такой палітыкі Эўразьвязу, калі выбіраюць маленькую краіну, і міністар гэтай краіны кажа, што мы разам з Амэрыкай зробім тое і тое. Ужо ў 2001 годзе Амэрыка зрабіла нешта «такое». Выбралі пры дапамозе амбасадара Майкла Козака кандыдатуру былога члена бюро ЦК Уладзімера Ганчарыка, абсалютна непрахадную. І ў выніку далі магчымасьць Лукашэнку зрабіць «элегантную перамогу». Няправільна сказаць, што гэтыя людзі на Захадзе не разумеюць, што яны робяць. Яны хочуць рабіць сваю палітыку — таму што нашай няма. Калі ў 90-ыя была палітыка БНФ, мы ніякіх дачыненьняў з Захадам ня мелі. Яны былі супраць незалежнасьці, і выказаліся першыя асобы, пачынаючы ад прэзыдэнта Буша, супраць незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны. А мы гэтую незалежнасьці дасягнулі, і сьцьвердзілі, і вымушаныя былі нас прызнаць. таму што мы былі нацыянальная дэмакратычная сіла, якая змагалася за Беларусь. І тады іх палітыка ня мела ніякага значэньня, хаця яны былі супраць.

Цяпер у гэтай пустаце робяцца такія дзіўныя заявы, такая дзіўная палітыка, і ствараецца ў масах у Беларусі меркаваньне, што іх нехта выцягне за валасы з гэтага балота. З гэтага балота можам выйсьці толькі мы самі. Толькі беларусы самі. І тое, што мы зараз пастанавілі — стварэньне нацыянальнай ініцыятывы, стварэньне групы прэзыдэнцкай — толькі першы крок, потым будуць іншыя крокі, пра якія мы пакуль гаворым — вось гэта шлях, як выйсьці з маразму, з балота, і з заходняга балота, і вярнуць незалежную Беларусь. Пра гэта трэба думаць і на гэта трэба працаваць.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG