Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каспараў: Падзеньне Лукашэнкі прывядзе да зьменаў у Расеі


Гары Каспараў выступае на Форуме Свабоды ў Осла. Уручэньне прэміі Вацлава Гаўла. 9 траўня 2012 г.

Гары Каспараў выступае на Форуме Свабоды ў Осла. Уручэньне прэміі Вацлава Гаўла. 9 траўня 2012 г.

У эксклюзыўным інтэрвію Радыё Свабода расейскі палітык Гары Каспараў падзяліўся бачаньнем расейска-беларускіх адносінаў

Адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, а ў мінулым шахматыст Гары Каспараў узяў удзел у Форуме свабоды ў Осла, дзе ўручыў ганаровую прэмію Вацлава Гаўла дысыдэнтам з Кітаю, Бірмы і Савудаўскай Арабіі. У эксклюзыўным інтэрвію Радыё Свабода падзяліўся бачаньнем расейска-беларускіх адносінаў.


Франак Вячорка: Навошта Пуціну Лукашэнка?

Гары Каспараў: Немагчыма адказаць аднаскладана на гэтае пытаньне. Па-першае, для Пуціна ў дадзенай сытуацыі кожны дыктатар, які захаваўся, — важная маральная падтрымка. Таму Пуцін падтрымлівае і будзе да канца падтрымліваць Башара Асада. І з улікам тых тэндэнцыяў, якія вызначыліся пасьля «арабскай вясны», любая пагроза дыктатуры у блізкім замежжы успрымаецца Пуціным як пагроза яму. Відавочна, што пры лукашэнку ў Беларусі ніколі ня будзе нічога нават падобнага на дэмакратыю. Пуціна гэта задавальняе.

Франак Вячорка: Ці сьведчаць апошнія разгоны мітынгаў у Маскве, што Пуцін ідзе шляхам Лукашэнкі?

Гары Каспараў: Я бы не сказаў, што гэта шлях лукашэнкі. Гэта насамрэч дарога для любога дыктатара. Нахіленая плоскасьць мае толькі адзін кірунак руху. Ёсьць відавочная лёгіка ў тым, што зь нейкага моманту дыктатары, якія хочуць пажыцьцёва кіраваць краінай, вымушаныя усё болей узмацняць сваю пазыцыю і ўжываць усё больш агрэсыўныя меры ў дачыненьні да нязгодных. Таму Пуцін рухаецца па гэтым шляху. Вядома, у яго ёсьць нейкія абмежаваньні, у сувязі з тым, што ў адрозьненьне ад Лукашэнкі ён усё-ткі вымушаны хоць яксьці аглядвацца на рэшту сьвету. Але зразумела, што гэта ўсё становіцца менш і менш важным. Так ці інакш наступствы ад якіхсьці жорсткіх мераў па разгоне ці, ня дай Божа, па расстрэлы, яны неяк адлюструюцца ў будучыні. А канкрэтна дыктатары адчуваюць, што іх уладзе нязгодныя пагражаюць ужо сёньня. Таму такое адзінства дзеяньняў і мэтадаў, якое дэманструюць Пуцін і Лукашэнка, гэта, мне здаецца, упісваецца ў гісторыю разьвіцьця любой падобнай дыктатуры.





Франак Вячорка: Калі вы прыйдзеце да ўлады, якім чынам будуць разьвівацца расейска-беларускія адносіны?

Гары Каспараў: Давайце спадзявацца на тое, што ў бліжэйшую будучыню нам удасца дабіцца зьменаў у Расеі і Беларусі безь якіхсьці страшных узрушэньняў. На жаль, і Лукашэнка і Пуцін дэманструюць пэўнасьць заставацца да канца любым коштам. І пытаньне, якім коштам абыдзецца народу Расеі і народу Беларусі адыход ад дыктатуры. Насамрэч вось гэты кошт будзе ўплываць на тое, якім будзе грамадзтва. Мне здаецца, што зьмены ў Расеі неадкладна прывядуць да зьменаў у Беларусі. Ня выключана, што слушна і адваротнае. Падзеньне Лукашэнкі (хаця мне складана ўявіць, як гэта адбудзецца ў бліжэйшы час), таксама можа моцна паўплываць на сытуацыю ў Маскве. Я думаю, на сёньняшнім этапе, пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжым, яны ўжо павязаныя. Відавочна, наколькі магутнейшы Пуцін, наколькі Лукашэнка залежны ад Пуціна. Пры гэтым гэтую генэтычную роднасьць, яе ніяк не схаваць. Таму я спадзяюся, што са зьнікненьнем гэтага генэтычнага уродства, якое сёньня паразытуе на целе Расеі і на целе Беларусі, удасца наладзіць нармальныя адносіны дзьвюх краінаў, якія яшчэ блізкія адна адной, і якія, я ўпэўнены, будуць відавочнымі саюзьнікамі ў доўгатэрміновай гістарычнай пэрспэктыве.


Франак Вячорка: Незалежнымі ці ў межах Саюзу?

Гары Каспараў: Мне здаецца, гэта пытаньне, якое ня трэба цяпер вырашаць. Я, наогул, прыхільнік шырокай эўразійскай інтэграцыі. Таму што з майго пункту гледжаньня, толькі агульная эканамічная прастора ад Уладзівастоку да Лісабону — яна дае надзею, што палова Расеі ня стане Кітаем у бліжэйшай гістарычнай пэрспэктыве. Таму мне здаецца, саюз Расеі, Беларусі, і Ўкраіны — ён будзе пасьпяхова рэалізоўвацца ў межах агульнай эўрапейскай прасторы. Я бы бачыў у гістарычнай пэрспэктыве менавіта вось гэтую эўрапейскую інтэграцыю. Ясна, бо мы ўсе належам гэтаму эўрапейскаму дому, зь вядомымі агаворкамі, што сёньня эўрапейскі праект перажывае крызыс. Усё гэта зразумела. Тым ня менш, гістарычны вэктар для Расеі і Беларусі я бы бачыў у эўрапейскім, заходнім кірунку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG