Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявіцца новая геапалітыка на постсавецкай прасторы?


«Ці зьявіцца новая геапалітыка на постсавецкай прасторы?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:36 0:00
Наўпроставы лінк

Саміту АДКБ у Маскве папярэднічаў візыт прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева ў Менск. Якія вынікі гэтага візыту? Ці сапраўды Ўладзімер Пуцін першы візыт у новым статусе зробіць у Беларусь? Якія пэрспэктывы ў АДКБ?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Якія вынікі візыту Назарбаева ў Менск?


Валер Карбалевіч: «Камэнтатары ўжо пасьпелі ацаніць візыт Назарбаева ў Менск як імкненьне заключыць саюз супраць Расеі. І афіцыйныя заявы прэзыдэнта Казахстану даюць падставу так меркаваць. Ён сказаў: „Мы ў дэклярацыях напісалі, што к 2013 году Расея падыдзе да магчымасьці вырашэньня пытаньня пра чыгуначныя тарыфы, а к 2015 году завершыць працу па манапалістах: па газаправодным, трубаправодным транспарце. І мы тады падыдзем да стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу“. У перакладзе на звычайную мову гэта азначае, што Казахстан ставіць умоваю свайго ўваходжаньня ў Эўразійскі саюз ільготны транзыт па расейскай тэрыторыі. Дарэчы, гэта супадае з інтарэсамі Беларусі. Дык, можа, сапраўды ствараецца хаўрус супраць Расеі па гэтым пытаньні?

Можна нагадаць, што перад стварэньнем Мытнага саюзу Беларусь ставіла ўмовай свайго сяброўства ільготныя цэны на нафту і газ. І Расея вымушаная была пагадзіцца на гэта. Цяпер вось умову ставіць Казахстан. За статус імпэрыі, на які прэтэндуе Расея, трэба плаціць».

Паўлюк Быкоўскі: «Мне не падалася гэтая заява Назарбаева нечым надзвычайным. Бо тое, пра што ён казаў, запісана ў пагадненьнях аб стварэньні эканамічнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Цяпер усе краіны СНД шмат гандлююць з Расеяй і мала гандлююць між сабой. І льготныя тарыфы на транзыт павінны зьмяніць гэты перакос».
Гэта не хаўрус супраць Расеі, а хаўрус за ўласнае выжываньне.

Кірыл Коктыш: «Гэта не хаўрус супраць Расеі, а хаўрус за ўласнае выжываньне. Бо калі ў межах Эўразійскага саюзу будзе рэалізаваны прынцып свабоднага рынку, свабоднай канкурэнцыі, будзе свабодны рух капіталу, тавараў, паслуг, рабочай сілы, то эканоміка Беларусі і Казахстану прайграе. І гэты пройгрыш трэба нечым кампэнсаваць. Ільготныя тарыфы на транзыт і ёсьць такой кампэнсацыяй. Бо асобна эканомікі Расеі, Беларусі і Казахстану ня могуць існаваць як міжнародныя суб’екты».

Прыярытэты замежнай палітыкі Расеі?


Карбалевіч: «Пуцін адмовіўся ехаць у ЗША на саміт „васьмёркі“. А прэзыдэнт ЗША Абама не паедзе на саміт арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ва Ўладзівасток. Затое зьявілася неафіцыйная інфармацыя, што Пуцін свой першы візыт у статусе прэзыдэнта зробіць у Беларусь. Ці азначае гэта, што Расея мяняе прыярытэты, на першае месца ставіць у сваёй вонкавай палітыцы постсавецкую прастору?»

Быкоўскі: «Перад інаўгурацыяй Пуціна была інфармацыя, што першы візыт ён зробіць у Казахстан. Сапраўды, зьявіліся сыгналы таго, што Пуцін найпершую ўвагу засяродзіць на постсавецкай прасторы.

Дасюль не было прэцэдэнтаў, каб кіраўнік якойсьці дзяржавы не паехаў на саміт „васьмёркі“. Тлумачэньні адсутнасьці Пуціна на гэтым саміце выглядаюць непераканаўчымі. Афіцыйная трактоўка гучыць так: нібыта Пуцін вымушаны сустракацца ў гэты час з кандыдатамі ў міністры. А кіраўнік ураду Мядзьведзеў, як высьвятляецца, на гэтых сустрэчах не патрэбен, і ён можа прадстаўляць Расею на саміце „васьмёркі“ ў ЗША. Усё гэта выглядае непраўдападобна. У адказ зьявілася інфармацыя, што прэзыдэнт ЗША Абама не паедзе на саміт арганізацыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ва Ўладзівасток. Адначасова Пуцін ня едзе на саміт НАТО, а праводзіць саміт АДКБ у Маскве. Мусіць, Пуцін страціў магчымасьць па гарачых сьлядах пасьля інаўгурацыі паляпшаць дачыненьні з кіраўнікамі дзяржаў „вялікай васьмёркі“.

Акцэнт Пуціна на постсавецкую прастору — гэта ягоная гульня з расейскім электаратам. Гэта спроба дэманстрацыі моцы Расеі, аднаўленьня яе ўплыву на постсавецкія дзяржавы, магчымасьці супрацьстаяць „страшнаму монстру“. Магчыма, такая лінія падвысіць рэйтынг Пуціна, хоць гэта і спрэчна. Разам з тым гэта не разьвязвае ніякіх далёкасяжных праблемаў. Расеі давядзецца выбудоўваць нармальныя адносіны з Захадам. Няма сумневу, што РФ застанецца як вялікі гулец на міжнароднай прасторы».

Коктыш: «Думаю, мае месца асабістая крыўда Пуціна на Захад. Але вялікай сваркі ня будзе. Бо існуюць моцныя эканамічныя сувязі Расеі з Захадам. Масква пагаджалася з тымі падыходамі да барацьбы з эканамічным крызісам, якія прапаноўвалі заходнія краіны.

Пуцін імкнецца паказаць, што ў яго ёсьць апора ў выглядзе постсавецкай прасторы. Цяпер Лукашэнка прыехаў у Маскву для ўдзелу ў самітах АДКБ і СНД. І Пуціну праз тыдзень рабіць візыт у Менск ня мае сэнсу. Хоць гэта і ня выключана».

Пэрспэктывы АДКБ


Карбалевіч: «Чаго можна чакаць ад саміту АДКБ? Якія пэрспэктывы мае гэтая арганізацыя ў зьвязку з новым прэзыдэнцтвам Пуціна? Нядаўна Лукашэнка актыўна праціскаў ідэю, каб АДКБ бараніла рэжымы краін-удзельніц гэтай арганізацыі ад народных рэвалюцый. Ці будзе яна рэалізаваная?»
Існуюць праблемы ў ператварэньні АДКБ паўнавартасны ваенны блёк. Яго ўдзельнікі найперш зацікаўленыя купляць у Расеі зброю на ільготных умовах.

Быкоўскі: «Саміты АДКБ і СНД, якія адбываюцца ў Маскве, — нефармальныя. Там не плянуецца прымаць нейкія канкрэтныя рашэньні. Ніхто з кіраўнікоў краін СНД ад гэтай сустрэчы не адмовіўся.

Існуюць праблемы ў ператварэньні АДКБ паўнавартасны ваенны блёк. Яго ўдзельнікі найперш зацікаўленыя купляць у Расеі зброю на ільготных умовах. А таксама ўдзельнічаць у расейскім абаронным заказе. Нейкіх якасных зьменаў у існаваньні АДКБ я не прагназую».

Коктыш: «АДКБ цяпер цалкам задавальняе ўсіх яе сябраў. На іх распаўсюджваецца расейская ядзерная гарантыя. Цяжка ўжываць войскі АДКБ для абароны кіроўных рэжымаў ад унутранай дэстабілізацыі, бо няма ўзаемнага даверу. Існуе асьцярога, што хтосьці можа выкарыстаць гэтыя войскі на сваю карысьць, Таму, акрамя дэклярацый, у гэтым пляне больш нічога ня будзе.

Зьяўляецца адна новая праблема для АДКБ. ЗША пачынаюць вывад сваіх войскаў з Афганістану. І гэта азначае, што пагоршыцца сытуацыя з транзытам наркотыкаў з гэтай краіны. Сёлета цана опіюму на ўсясьветных рынках вырасла на 45%. У Таджыкістану і Кіргізстану мяжа з Афганістанам фактычна празрыстая. Гэта выклік, з гэтай праблемай трэба нешта рабіць».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG