Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альтэрнатыўны ўрад мае сэнс ствараць пад дахам Рады БНР»


Уладзімер Роўда

Уладзімер Роўда

«Трэба стварыць альтэрнатыўны цэнтар улады. Гэткая паралельная структура магла б мець розгалас у самой Беларусі», — заявіў міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс. Наколькі своечасовая і рэалістычная ідэя аб стварэньні альтэрнатыўнага ўраду ў выгнаньні, пра якую кажуць і некаторыя беларускія палітыкі? Ці не павінна гэтую ролю ўзяць на сябе Рада БНР? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Роўда.

Цыганкоў: «Ідэю стварэньня альтэрнатыўнага ўраду за межамі Беларусі ўжо абмяркоўвалі і беларускія палітыкі, і, асабліва актыўна, прадстаўнікі новай хвалі палітычнай эміграцыі. Але, здаецца, упершыню пра гэта выказаўся высокі замежны палітык — міністар замежных спраў Літвы. Наколькі, па-вашаму, своечасовая і пэрспэктыўная гэтая ідэя? Ці гэта проста праява ціску на Лукашэнку, або яна мае шанцы на практычнае ажыцьцяўленьне?»

Роўда: «Сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца. За Лукашэнку ўзялася Масква, і гэта вельмі небясьпечна, гэта рэальная пагроза страты сувэрэнітэту.

У той сытуацыі, якая склалася, у прапанове літоўскага міністра ёсьць свая рацыя. Калі такія ідэі гуляюць у Эўропе, то гэта цудоўна. Я лічу, іх можна выкарыстоўваць і як пэўны фактар ціску на Лукашэнку. Ён павінен разумець, што ёсьць альтэрнатыва. Гэта можа быць нейкі ўрад, які будзе карыстацца пэўнымі функцыямі, адпаведнай падтрымкай, прызнаньнем, — і гэта будзе чыньнікам істотнага ціску на афіцыйны Менск».

Цыганкоў: «Але з 20-х гадоў ролю беларускага ўраду ў выгнаньні выконвае Рада БНР. Рада БНР застаецца адзіным урадам у эміграцыі, у адрозьненьне ад урадаў Украіны і Малдовы, які не перадаў свае паўнамоцтвы цяперашняму кіраўніцтву краіны разам са здабыцьцём незалежнасьці. Як можа быць вырашана гэтая калізія? Ці пагодзяцца тыя людзі, якія выношваюць ідэю стварэньня альтэрнатыўнага ўраду, на тое, каб ён быў створаны пад дахам Рады БНР?»

Роўда: «Магчыма, гэта мае сэнс — ствараць альтэрнатыўны ўрад пад дахам Рады БНР. Рада БНР карыстаецца вялікай маральнай вагой, асабліва сярод палітычна актыўнага, беларускамоўнага насельніцтва, дыяспара да яе ставіцца пазытыўна. І паколькі гэта інструмэнт адначасова ціску і захаваньня легітымнасьці, то Рада БНР можа быць выкарыстана для гэтай мэты. Магчыма, пры ўмове папаўненьня яе тымі людзьмі, якія нядаўна зьявіліся на эміграцыі, якія даўно знаходзяцца ў Эўропе, ведаюць сытуацыю ў Беларусі, могуць стаць пэўным імпульсам, каб Рада БНР дзейнічала больш эфэктыўна і была больш прывязаная да падзеяў у Беларусі».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG