Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умовай збліжэньня паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, акрамя палітычных патрабаваньняў з боку ЭЗ, ёсьць і ўступленьне Рэспублікі Беларусь ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (WTO), гаворыцца ў падрыхтаваным Эўракамісіяй дакладзе аб прыярытэтах і арыенцірах Эўрапейскай палітыкі суседзтва.

Даклад прадставілі журналістам у Брусэлі Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан і эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і Эўрапейскай палітыкі суседзтва Штэфан Фюле, перадае РІА «Новости».

«Разам з палітычнымі ўмовамі ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю — неабходная ўмова для паляпшэньня гандлёвых адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю. Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў WTO ў 1993 годзе, але прагрэс на перамовах быў абмежаваны і палітычнай прыхільнасьці аказваецца недастаткова», — гаворыцца ў дакумэнце.

У дакладзе адзначаецца, што Беларусь мае на мэце пабудову адзінай эканамічнай прасторы з партнэрамі па Мытным саюзе — Расеяй і Казахстанам, і што дзеяньне рэжыму гандлёвых прэферэнцыяў у дачыненьні да Беларусі Эўразьвязам прыпынена.

Эўракамісар Фюле адзначыў, што ЭЗ працягне выкарыстоўваць у дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі палітыку санкцыяў у адказ на палітычныя рэпрэсіі, а таксама будзе надалей падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць.
XS
SM
MD
LG