Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

80 гадоў таму ў СССР была абвешчана «бязбожная пяцігодка»: 15 траўня 1932 году адпаведны дэкрэт выдаў савецкі ўрад.

Сталін паставіў мэту: да 1 траўня 1937 году на тэрыторыі ўсёй краіны імя Бога павінна было быць забытае. Плян ліквідацыі рэлігіі да 1937 году распрацавалі антырэлігійныя камісіі. У адпаведнасьці зь ім належала зачыніць усе сьвятыні, зьнішчыць сьвятароў, а рэлігійныя традыцыі павінны былі зьнікнуць. Распараджэньне савецкіх уладаў пачалі выконваць звыш 5 мільёнаў ваяўнічых бязбожнікаў усяго СССР.

Гісторык і багаслоў, супрацоўніца Інстытуту тэалёгіі Кацярына Гарохава:

«Паколькі ў савецкай дзяржаве была адна ідэалёгія — марксізм-ленінізм, то рэлігійнасьці месца не заставалася.

Не павінна было быць ніякай канкурэнцыі навуковаму камунізму, што ён будзе пабудаваны і будзе рай на зямлі. Бо, як вядома, навука рэлігіі кажа пра тое, што рай можа быць толькі ў наступным жыцьці, на небе. Таму гэтыя дзьве ідэалёгіі не маглі існаваць адначасна: і вера ў Бога, і вера ў камунізм. І былі прынятыя ўсе меры, каб вера нават не была вынішчаная, а была падмененая новым побытам і новай «рэлігійнасьцю» — верай у камунізм і шанаваньнем заснавальнікаў марксізму-ленінізму.

Так ствараўся культ Леніна, рэлігійныя працэсіі і хросныя ходы былі замененыя масавымі маніфэстацыямі на 1 траўня, на 7 лістапада.

І хоць вядома, што напрыканцы 30-х гадоў быў праведзены перапіс насельніцтва і большасьць людзей назвалі сябе вернікамі, наступныя дзесяцігодзьдзі перасьледу рэлігіі, у тым ліку за часамі Хрушчова, рабілі сваю справу.

І зь цягам часу зь людзкой памяці, з памяці пакаленьняў паціху вырывалася ўсё, што было зьвязанае з рэлігіяй і верай у Бога».

Навуковец, дасьледчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў:

«Першы этап змаганьня зь верай пачаўся яшчэ ў 1917 годзе, калі быў выдадзены першы дэкрэт Леніна аб аддзяленьні царквы ад дзяржавы. На першым этапе царкву пазбавілі ўсёй маёмасьці: адабралі абразы, царкоўнае начыньне, зямлю, якой валодала царква.

Наступны этап — 1932–34 гады: усіх сьвятароў, якія не былі рэпрэсаваныя ў 20 гады, не былі высланыя на Салаўкі і ў ГУЛАГ — усіх дабівалі на месцах. Апошніх сьвятароў рэпрэсавалі восеньню 1937 году. Праваслаўных сьвятароў у Беларусі засталося ня больш за 100, а каталіцкіх — каля 20.

Змаганьне з царквой мела на мэце нават не змаганьне зь вернікамі — іх каго ў піянэры, каго ў камсамол запісалі, — а ў асноўным са сьвятарамі і храмамі. Храмы закрывалі і перадавалі пад склады і сховішчы. Заставаліся адзінкі. Таму вось гэтая праграма змаганьня з рэлігіяй на мяжы 1937–38 гадоў фактычна была выкананая».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG