Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У розных рэгіёнах Беларусі ў вёсках па некалькі гадоў запар пустуюць так званыя «прэзыдэнцкія дамкі» — жыльлё, пабудаванае за бюджэтныя грошы адмыслова дзеля таго, каб завабіць на працу ў калгасы маладых адмыслоўцаў. Чаму людзі ня хочуць ехаць у вёскі, дзе жыльлё даюць адразу?

Берасьцейшчына. «У „прэзыдэнцкім дамку“ жабы крумкаюць пад падлогай…»


Праблемы з засяленьнем у так званыя «прэзыдэнцкія дамкі» зьяўляюцца пэрыядычна, распавядаюць жыхары Бярозаўскага і Ганцавіцкага раёнаў. А былы старшыня калгасу ў Баранавіцкім раёне Вячаслаў Сухарэбскі кажа, што гэтыя дамы не вырашаюць праблемаў сельскай гаспадаркі.

Жыхар аграгарадку Малеч Бярозаўскага раёну Анатоль Сахаруша кажа, што з засяленьнем у «прэзыдэнцкія» дамкі ўзьнікаюць праблемы. Напрыклад, у вёсцы Сасноўка, якая належыць да аграфірмы «Малеч»:

«Апошнія, якія будавалі — у двух нават ці ў трох дамах людзі не жывуць. Калі яшчэ ўлетку неяк там можна, то восеньню і зімою там жыць немагчыма. Трэба паліць кацёл 24 гадзіны ў суткі. І ўвосень, і ўвесну, мне расказвала жанчына — жабы крумкаюць пад падлогай… Сырасьць, усё абвальваецца…То гэтыя дамы людзі пакінулі, пераехалі ў другія вёскі».
Жабы крумкаюць пад падлогай… Сырасьць, усё абвальваецца…То гэтыя дамы людзі пакінулі, пераехалі ў другія вёскі.

Пётар Гузаеўскі з Ганцавічаў кажа, што і ў гэтай мясцовасьці ўзьнікаюць падобныя праблемы ў некаторых вёсках:

«Вёска Нач, СВК „Агра-Нач“, які там праславіўся тым, што там былі самыя нізкія заробкі — сто зь нечым тысяч вось у канцы мінулага году. То адзін „прэзыдэнцкі домік“ выкарыстоўваецца пад сталоўку, дзе прывозяць есьці мэханізатарам, камбайнэрам».

Спадар Гузаеўскі кажа, што бывалі выпадкі, калі людзі ўцякалі з гэтых дамкоў. Тлумачыць ён гэта няякасным будаўніцтвам:

«Якасьць будоўлі проста не вытрымлівае ніякай крытыкі. Фактычна, дзяржаўныя грошы пайшлі… Я лічу, што гэта нерацыянальнае выкарыстаньне. Праблема не ў саміх будынках, праблема ў аплаце працы. Зараз у вёсках пустуе столькі хат. Калі даць добры, прыстойны заробак, то без праблемаў яны купяць і адбудуюць».

Былы старшыня калгасу ў Баранавіцкім раёне Вячаслаў Сухарэбскі кажа, што будаўніцтва гэтых дамкоў ня вырашае праблемаў вёскі:

«Хто тут селіцца ў гэтых аграгарадках? Гэта людзі з усяго сьвету. Яны прыежджыя, яны не рабілі ніколі на зямлі, а прыехалі проста каб атрымаць жыльлё. Гэта людзі, як кажуць, перакаці-поле. Ім не дарагая гэтая зямля».

Спадар Сухарэбскі лічыць, што будаўніцтва «прэзыдэнцкіх» дамкоў прымушае людзей пераяжджаць зь месца на месца і адвучвае любіць родную зямлю.

Пакінуты «прэзыдэнцкі дамок» ў вёсцы Седруж Камянецкага раёну. Фота vb.by.


Гарадзеншчына. І аграгарадкі бываюць безь людзей…


На Гарадзеншчыне дамы пустуюць у аграгарадках, дзе няма газавага ацяпленьня і далёка ад дарог і гарадоў.

Жыхар вёскі Вострава, што ў Слонімскім раёне, спадар Мікалай узгадвае, што калі Лукашэнка загадаў будаваць аграгарадкі, мясцовае начальства нават не задумвалася, дзе і як гэта рабіць:

«Жыльля ў нас цяпер хапае на вёсцы, нават ёсьць выбар. Але калі браць наш аграгарадок у вёсцы Вострава, то яго збудавалі практычна ў голым полі. А дамы, якія даюць людзям, на цьвёрдым паліве. І штогод трэба нарыхтаваць па 4 прычэпы дроў».

Вёска Ціхаволя, што ў Сьвіслацкім раёне, далёка ад райцэнтру. Дамы ў аграгарадку не газыфікаваныя, стаяць ужо некалькі гадоў пустыя і ніхто сюды не засяляецца. Кажа мясцовы жыхар спадар Валеры:

«У Ціхаволі толькі адзін дом заселены, астатнія пустуюць ужо даўно».

Карэспандэнт: «А ў чым прычына, што іх не засяляюць?»

Спадар: «Няма каго, ніхто ня хоча туды. Былі нейкія засяліліся, але потым зьехалі, бо заробкі слабыя тут».

Апошнім часам, як распавядае спадар Мікалай з Мастоўскага раёну, гаспадаркі пачалі аб’ядноўваць — і аграгарадкі, якія засталіся не ў цэнтральных сядзібах, таксама пачалі пусьцець: бо побач цяпер ні канторы, ні садзіка, і на працу трэба дабірацца за некалькі кілямэтраў.
Аграгарадок Залесьсе на Гарадзеншчыне — ля «прэзыдэнцкіх дамкоў» брудная й дрэнная дарога.

Аграгарадок Залесьсе на Гарадзеншчыне — ля «прэзыдэнцкіх дамкоў» брудная й дрэнная дарога.


Спадарыня Надзея ўсё ж лічыць, што галоўнае, чаму маладыя ня хочуць ехаць нават у аграгарадкі, — малыя заробкі:

«Уявіце сабе: цяпер летні сэзон пачаўся. Даярка ідзе на фэрму а дзясятай вечара, а вяртаецца дахаты а чацьвёртай раніцы. Потым а восьмай ізноў трэба ісьці даіць, то гэта ж зусім можна здурэць. А плацяць нейкія паўтара мільёна…»


Меншчына. Пустуюць 72 «прэзыдэнцкія дамкі»


Вёска Гародзькі ў Валожынскім раёне стала аграгарадком ня так даўно. Гэткія навабуды ў чыстым полі і зьяўляюцца сымбалямі сучасных беларускіх аграгарадкоў.

Вёска Гародзькі ў Валожынскім раёне стала аграгарадком ня так даўно. Гэткія навабуды ў чыстым полі і зьяўляюцца сымбалямі сучасных беларускіх аграгарадкоў.

Дамы бяз саду і гароду.

Дамы бяз саду і гароду.

Скончыўся аграгарадок — скончылася і добрая дарога.

Скончыўся аграгарадок — скончылася і добрая дарога.

Прычыны — тыя ж, што і ў іншых рэгіёнах: нізкія заробкі, адсутнасьць сацыяльных аб’ектаў, аддаленасьць ад гарадоў.

У вёсцы Грабянец Чэрвеньскага раёну — два незаселеныя «прэзыдэнцкія дамкі». Напярэдадні пра гэта абвясьціў журналістам Сяргей Мацука — кіраўнік управы камітэту дзяржкантролю Меншчыны:

«Тут пабудаваныя два дамы, а ніхто ў іх засяляцца не жадае. Прычына: дадзены населены пункт істотна аддалены ад цэнтральнай сядзібы і там няма пэрспэктываў…»

Чыноўніку пярэчыць спадарыня Зінаіда, якая прадала частку свайго дома якраз у Грабянцы, дзе, па словах жанчыны, усё ж існуе попыт на жыльлё:

Карэспандэнт: «Калі вы прадавалі свой дом, то ці былі ахвотнікі яго купіць?»

Спадарыня Зінаіда: «Так! Канечне, прыходзілі! Гэта ж непадалёку ад райцэнтру Чэрвень — усяго 13 кілямэтраў. І таму там будавалі шмат „прэзыдэнцкіх домікаў“. Раней тут была моцная гаспадарка. А калі калгас далучылі да райсельгасхіміі, то стала менш працаўнікоў, і скарацілі пагалоўе жывёлы, і тэхніку перагналі непасрэдна ў Чэрвень. Быў тут і сельсавет, але яго зьліквідавалі…Таму людзі многія выехалі, пацягнуліся бліжэй да Менску. Людзі таму шукаюць, дзе ім лепш… І мы, да прыкладу, пераехалі ў Нясьвіскі раён, хоць у Чэрвеньскім бліжэй да лесу, навакольле там лепшае…»

Паводле афіцыйнага ўліку, на Меншчыне да нядаўняга часу было 200 незаселеных «прэзыдэнцкіх дамкоў», а цяпер — больш за сем дзясяткаў. Падлічана, што будоўля кожнага зь іх абышлася ня менш як у 30 тысяч даляраў. А чаму людзі ня хочуць жыць у такіх дамах?


Леў Марголін

Леў Марголін

Жыхар Меншчыны, эканаміст Леў Марголін: «Гэта тыповы прыклад таго, як улада стварае праблемы, а пасьля шукае, як іх вырашыць. Калі яшчэ будаваліся гэтыя „прэзыдэнцкія дамы“, разумныя людзі падказвалі, што лепш, пэўна, было б пазычыць грошы таму, каму патрэбна жытло, і няхай бы будучы гаспадар сам яго будаваў. Бо якасьць дзяржаўнага будаўніцтва была нядобрая. У кагосьці жабы пад падлогай крумкалі, а я ведаю прыклады, што некалькі такіх домікаў аказаліся зусім разбураныя…

Урэшце, і цяпер, калі гэтыя домікі будуюцца, то кіраўнікі гаспадарак ня вельмі задумваюцца над тым, ці патрэбныя ў вёсках гэтыя дамы. Памятаю, як на Беларускім радыё кіраўніца аднаго з раёнаў Меншчыны казала, што вось у гэтым годзе „мы пабудавалі 32 домікі, а ў будучым плянуем 45“. А ў яе пытаюцца: колькі людзей у чарзе на атрыманьня жыльля зараз? Яна адказала, што 20 чалавек…Тады, відаць, дзяржкантроль ня меў яшчэ заданьня праверыць такія факты… Нядрэнна, што хоць зараз адумаліся. Хоць сама па сабе ідэя гэтага будаўніцтва была заганная».
XS
SM
MD
LG