Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробкі на крыві


У Магілёве ўзрасла колькасьць ахвочых зарабіць на здачы крыві. Донарства зрабілася папулярным прыработкам.

Яшчэ год таму спэцыялісты адзначалі падзеньне колькасьці донараў. Калі ж памер кампэнсацыі павялічыўся, ахвотных здаць кроў істотна паболела.

Пра тое, што колькасьць ахвочых здаваць кроў узрасла, паведаміў «Свабодзе» адзін з ганаровых магілёўскіх донараў, які назваўся Сяргеем. Ён заявіў, што донары са стажам мусяць нават выкарыстоўваць знаёмствы альбо палохаць супрацоўнікаў станцыі пераліваньня крыві начальствам, каб абмінуць чаргу:

«Я хачу сказаць, што ахвочых стала дужа шмат. Аплата вырасла. Узровень жыцьця ж падае. Цэны вырасьлі. Напэўна, людзі збоку пачулі й пайшлі здаваць, каб такім чынам пражыць. Сталым донарам цяпер — так, ім цяпер цяжэй стала. Калі працуюць яны, то перанесьці дзень будуць цяжкасьці, то бок як запісаны, то ў той дзень і трэба прыходзіць. Наплыў вялікі».

Суразмоўца зазначае, што кампэнсацыю за здадзеную кроў выплачваюць без затрымак. Словы спадара Сяргея пацьвярджаюць іншыя донары, зь якімі сёньня ўдалося пагутарыць ля магілёўскай станцыі пераліваньня крыві.

Карэспандэнт: «Ці выгадна быць донарам?»

Малады спадар: «Выгадна! Раз на два месяцы — матэрыяльна нейкія грошы. А па-другое, асабліва ніякага цяжару гэта не вымагае».

Карэспандэнт: «А сума кампэнсацыі — яна якая?»
334 тысячы за кроў і 401 тысячу за плязму. У наш час — гэта добрая падтрымка.

Спадар: «334 тысячы за кроў і 401 тысячу за плязму. У наш час — гэта добрая падтрымка. Цяпер на верасень запісваюць. Дужа шмат людзей здаюць кроў. Цэны растуць, інфляцыя, і лішняя капейчына не зашкодзіць».

Спадар: «Я раней у Расеі жыў, дык там нашмат меней плацяць. Сёньня шмат было донараў. Вось я а восьмай прыйшоў і толькі цяпер выйшаў».

Карэспандэнт: «Гэта ж амаль дзьве гадзіны?»

Спадар: «Так, так. Наагул іншым разам бывае і больш».

Кожны, хто здаў кроў, выходзіў з будынка станцыі пераліваньня крыві з пакетам сухога сьняданку — пліткай шакаляду ды пачкам пячэньня.

Тое, што колькасьць ахвочых здаць кроў павялічылася, прызнаюць і на станцыі пераліваньня крыві.

«І добра павялічылася. З-за павелічэньня аплаты. Мы ж аплачваем гэта матэрыяльна — грашамі. 334 тысячы за кроў і 460 тысяч за плязмафарэз», — прызнала супрацоўніца станцыі пераліваньня крыві.

У 2007 годзе донарам скасавалі 50-працэнтныя зьніжкі на набыцьцё лекаў. Пазбавілі ільготнага санаторна-курортнага лячэньня і бясплатнага зубапратэзаваньня. Ганаровым донарам пакінулі 40-працэнтую надбаўку пры выхадзе на пэнсію па ўзросьце. У тым жа 2007 годзе пасьля тыднёвага страйку групы магілёўскіх донараў гарадзкія ўлады далі дазвол ганаровым донарам на бясплатны праезд у гарадзкім транспарце, але год таму яго скасавалі.

Скасаваньне ільготаў прывяло да адтоку ахвочых здаваць кроў. Асабліва востра праблема недахопу донараў адчувалася мінулым летам. Тады колькасьць донараў скарацілася на сотню. Замест пяцідзесяці, як паводле пляну, штодзень здаваць кроў прыходзілі меней за дваццаць чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG