Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не захацеў дапамагчы Лябедзьку вярнуць рэчы, сканфіскаваныя КДБ


Суд Цэнтральнага раёну Менску адмовіўся разглядаць пазоў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да КДБ.

Лябедзька дамагаецца, каб яму вярнулі сканфіскаваныя рэчы.

«Учора я атрымаў апавяшчэньне пра тое, што суд адмаўляе ў разглядзе майго пазову, бо нібыта я не магу зьвяртацца ў суд у справе свайго канфлікту з КДБ», — паведаміў БелаПАН Лябедзька. Ён сказаў, што мае намер абскардзіць рашэньне раённага суду ў вышэйшай інстанцыі.

КДБ сканфіскаваў у Лябедзькі рэчы адразу пасьля Плошчы.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў яго затрымалі. Лябедзьку выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх. 6 красавіка 2011 г. яго вызвалілі зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. 23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Лябедзька адзначыў, што рашэньне было прынята судзьдзёй Аленай Семак, якая «ўжо амаль два месяцы нібыта з-за сваёй загружанасьці ня можа прызначыць дату разгляду майго пазову да Мін’юсту і МУС, што тычыцца забароны на выезд зь Беларусі».

14 траўня Лябедзька таксама атрымаў паведамленьне з суду Цэнтральнага раёну. «У ім гаворыцца пра ўзбуджэньне вядзеньня ў рамках адміністрацыйнай справы і папярэджаньне ад судовых выканаўцаў пра магчымую канфіскацыю маёмасьці ў сувязі зь няплатай штрафу па аршанскай справе», — сказаў Лябедзька.

У ноч з 27 на 28 сакавіка Лябедзька, а таксама лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і прэсавы сакратар кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандар Атрошчанкаў былі зьнятыя зь цягніка «Менск — Масква» ў Воршы. Яны накіроўваліся ў Маскву, каб адтуль вылецець у Брусэль, дзе ў іх былі заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Эўразьвязу.

Суд, які адбыўся ў Воршы 29 сакавіка, прызнаў палітыкаў вінаватымі ў дробным хуліганстве паводле артыкула 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і аштрафаваў кожнага на 350 тыс. рублёў. Увесь час да суду апазыцыянэры правялі ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня.

Лябедзька падкрэсьліў, што штраф аплаціў і на пачатку траўня адпаведнае паведамленьне паступіла ў суд Воршы. Палітык лічыць тое, што адбываецца, правакацыяй. Па словах Лябедзькі, у яго «ўжо адбылася з гэтай нагоды жорсткая размова з судовымі выканаўцамі, якія паабяцалі разабрацца ў сытуацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG