Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП-БНФ прапанавала Пазьняку рыхтавацца да свабодных прэзыдэнцкіх выбараў


Ідэя прапанаваць Зянону Пазьняку вылучацца на прэзыдэнта «належыць ня толькі сойму партыі, але і зьяўляецца рэакцыяй на жаданьне людзей бачыць рэальную альтэрнатыву, у тым ліку і пэрсанальную, дзеючай уладзе», — заявіў выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юрась Беленькі.

Сойм Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — БНФ прыняў пастанову з такой прапановай 13 траўня. Пазьняку прапанавалі пачаць фармаваць каманду для ўдзелу ў свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбарах.

Беленькі кажа, што Пазьняк «меў рацыю, заклікаючы да байкоту выбараў, а таксама даючы характарыстыкі ўладам і той частцы апазыцыі, якая ідзе ў яе на повадзе».

«Лічым, што менавіта Зянон Пазьняк зьяўляецца ў сьвядомасьці большасьці насельніцтва рэальнай альтэрнатывай уладам», — цытуе Беленькага БелаПАН.

Беленькі мяркуе, што свабодныя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі могуць адбыцца ўжо ў бліжэйшы год. «Сытуацыя эканамічная і сацыяльная разьвіваецца ў Беларусі цяпер так імкліва, што выбары могуць прайсьці і ўвосень, і пазьней, магчыма, праз год. Таму мы павінны быць гатовыя да разьвіцьця сытуацыі ўжо цяпер», — заявіў палітык.

Беленькі таксама паведаміў, што ў Пазьняка на прапанову была «станоўчая рэакцыя», аднак афіцыйны адказ ён дасьць пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG