Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрвін Рот: «На венскім судзе былі разгледжаныя ўсе эпізоды фінансаваньня адпачынку Лукашэнкі»


Эрвін Рот

Эрвін Рот

3 ліпеня ў Вене павінен аднавіцца судовы працэс над генэральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэту Гайнцам Юнгвіртам.

Суд, які распачаўся на мінулым тыдні, дасьледуе справу пра карупцыю ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Аўстрыі.

На першых паседжаньнях суд разглядаў эпізоды, зьвязаныя з таемным рахункам алімпійскага камітэту. «Чорны рахунак» — і гэта даказана сьледзтвам — быў створаны ў траўні 2001 году ў банку «Raiffeisen» (у тую ж банкаўскую групу, дарэчы, уваходзіць і беларускі «Пріорбанк») паводле загаду тагачаснага прэзыдэнта НАК і кіраўніка сеткі Casinos Austria Леа Вальнэра.

І Вальнэр, і Юнгвірт, і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва абедзьвюх названых арганізацыяў — Герхарт Скоф, Марцін Шлаф — у 2002 годзе мелі непасрэднае дачыненьне да прыёму дэлегацыі зь Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам і арганізацыі іхняга адпачынку ў Альпах. Даказана, што гэтыя вакацыі былі аплачаныя менавіта з таго рахунку і што гэтыя выдаткі доўгі час не ўключаліся ў падатковыя справаздачы.

Публікацыі спартовага экспэрта Эрвіна Рота ў аўстрыйскіх СМІ пра той прыём далі штуршок для раскрыцьця і іншых афэраў кіраўніцтва НАК і Casinos Austria.

Як паведаміў «Свабодзе» Эрвін Рот, на першых судовых пасяджэньнях мінулага тыдня абвінавачаны Гайнц Юнгвірт быў вымушаны даваць паказаньні літаральна па кожным рахунку, які тычыўся вакацыяў Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат пытаньняў было зададзена і Леа Вальнэру, які праходзіць на працэсе як сьведка. Бо менавіта Вальнэр, паводле сьцьвярджэньняў Юнгвірта, быў ініцыятарам стварэньня такога рахунку. Ягоны подпіс стаіць на адпаведным загадзе. Вальнэру належала і сама ініцыятыва запрасіць на лыжны курорт у Аўстрыю афіцыйна невыязнога на той час беларускага прэзыдэнта.

Вальнэр браў актыўны ўдзел у арганізацыі прыёму беларускіх гасьцей. У праграму адпачынку ўваходзілі і спорт, і забавы, і сустрэчы зь дзелавымі партнэрамі.

Аўстрыйскі бізнэс у Беларусі пайшоў угару якраз пасьля 2002 году. Сярод аўстрыйскіх канцэрнаў, якія прыйшлі ў краіну, — Raiffeisenbank, Telecom Austria, cтрахавая кампанія Wiener Stadtische, будаўнічы канцэрн STRABAG і іншыя.

Шырока прадстаўленыя на беларускім рынку і кансалтынгавыя фірмы з Аўстрыі. Сярод кансультантаў — былы віцэ-канцлер Аўстрыі Губэрт Горбах, які цяпер абвінавачваецца ў карупцыі. Як палітык ён скампрамэтаваў сябе, ахарактарызаваўшы выбары-2010 у Беларусі як справядлівыя.

Рот кажа, што Вальнэр дэманстраваў на працэсе поўную недасьведчанасьць. Так, сьцьвярджаў колішні кіраўнік алімпійскага камітэту ды сеткі казіно, ён даваў загад адкрыць рахунак, аднак ня ведаў, што грашовыя патокі праз гэты рахунак застануцца не пазначанымі ў падатковых дэклярацыях. Так, ён запрашаў невыязнога Лукашэнку ў Аўстрыю, але не як кіраўніка дзяржавы, а прыватна, як прэзыдэнта НАК. Паводле загаду Вальнэра арганізоўваліся розныя дзелавыя сустрэчы, але ўсё рабілася ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі.

Як сьцьвярджае Эрвін Рот, Леа Вальнэр «усё яшчэ сябра Міжнароднага Алімпійскага камітэту», мае дыппашпарт і карыстаецца юрыдычнай недатыкальнасьцю. «Леа Вальнэр — сябра МАК і мусіць выконваць ягоны этычны кодэкс, ажно робіць такую брыдоту...», — кажа Эрвін Рот, перакананы, што Вальнэр хлусіў пад прысягай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG