Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і Нацбанк змагаюцца за стаўку рэфінансаваньня


Ад 16 траўня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьнізіцца на два пункты — да 34% гадавых.

Далейшыя яе скарачэньні залежаць ад ўзроўню інфляцыі і агульнага стану эканомікі. Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў.

Урад і Нацыянальны банк маюць розныя падыходы да тэмпаў зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня. Першы намесьнік кіраўніка ўраду Ўладзімер Сямашка днямі публічна заявіў, што стаўку трэба зьніжаць больш радыкальна. І банкі мусяць даваць у эканоміку болей грошай.

У Нацыянальнага банку пазыцыя больш асьцярожная — зьніжаць стаўку можна, але павальней. Сёньня яе пацьвердзіў і Сяргей Дубкоў:

«Банкі зацікаўленыя крэдытаваць, таму што крэдыт — аснова беларускага банкаўскага бізнэсу. Але крэдытаваць — гэта не азначае даваць грошы і іх не вяртаць. Банкі апэруюць не сваімі рэсурсамі. А рэсурсамі сваіх кліентаў, сваіх акцыянэраў. Таму цяпер крэдытаваць, а пасьля думаць, як вяртаць грошы, — некарэктна».

Спадар Дубкоў акрэсьліў і дзьве галоўныя ўмовы, пры якіх стаўка, паводле ягоных словаў, можа вярнуцца на больш камфортны ўзровень. Для гэтага трэба зацугляць інфляцыю і падтрымліваць рост эканомікі.

Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба сказаў «Свабодзе», што ў гэтай спрэчцы ягоныя сымпатыі — на баку Нацыянальнага банку:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Я думаю, што Нацбанк мае рацыю. Зьніжаць стаўку рэфінансаваньня трэба паступова. Зьнізіць яе рэзка — небясьпечна. Кіраўніцтву ўраду, у тым ліку і спадару Сямашку, трэба памятаць пра ўрокі мінулага году. Тым болей, што інфляцыя ў красавіку была 1,7%. І гэта больш за сакавік, калі было 1,5%. А гэта не драбяза. У траўні былі падвышэньні заробкаў, пэнсіяў. І гэта адбіваецца на колькасьці грашовай масы. Таму я лічу, што Нацбанк робіць правільна».

Журналісты спыталіся ў Сяргея Дубкова — хто, на ягоную думку, возьме верх у гэтай спрэчцы? Банкаўскі чыноўнік назваў такое пытаньне некарэктным. Ён сказаў, што «такія дыскусіі — прыкмета канструктыўнай супрацы», і дадаў: «Разьвівацца прадпрыемствы павінны найперш за кошт уласных рэсурсаў. Крэдытаваньне — гэта толькі дапамога».

Прафэсар Жаліба з такім падыходам пагаджаецца:

«Сёньня прадпрыемствы аддаюць перавагу валютным крэдытам, бо там ніжэйшая крэдытна-працэнтная стаўка. Але асноўныя крэдыты па-ранейшаму рублёвыя. І трэба, каб кліенты ставіліся да грошай асьцярожна і ашчадна».

Што тычыцца прагнозу на 2012 год, то Сяргей Дубкоў лічыць: калі інфляцыя па выніках году складзе 19–22%, то стаўка рэфінансаваньня будзе зьніжаная да 20–23%".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG