Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 траўня сваякі Ўладзіслава Кавалёва сустракаюцца з жонкай прэзыдэнта Польшчы


Ганна Камароўская

Ганна Камароўская

«Спадарыня Ганна Камароўская вырашыла падтрымаць грамадзянскую акцыю за ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі і падпісаць пэтыцыю, падрыхтаваную праваабарончымі арганізацыямі ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні TVN.

Сваякі пакаранага за тэракт у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва — маці Любоў і сястра Тацьцяна — 14 траўня пачалі тыднёвы візыт у Польшчу па запрашэньні тэлеканала TVN у рамках акцыі «Стоп сьмяротнаму пакараньню ў Беларусі».

Пэтыцыю з заклікам увесьці мараторы на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі падпісалі былы прэм’ер-міністар Польшчы Тадэвуш Мазавецкі, рэжысэры Анджэй Вайда і Казімер Куц, эўрадэпутаты Ежы Бузэк, Яцэк Пратасевіч і іншыя — усяго больш за дзьве тысячы чалавек з Эўропы, ЗША і Аўстраліі, піша БелаПАН.


17 сакавіка стала вядома, што растраляныя абодва меркаваныя выканаўцы выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела болей за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць сьмерцю Кавалёва і Канавалава, а таксама правесьці новае расьследваньне акалічнасьцяў выбуху з менскім мэтро.
XS
SM
MD
LG