Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты пра прафіцыт у зьнешнім гандлі: гэта ня тыя лічбы


Упершыню за многія гады Беларусь дасягнула прафіцыту, а не дэфіцыту ў зьнешнім гандлі таварамі і паслугамі.

Па выніках першага кварталу плюс склаў 1 мільярд 366 мільёнаў даляраў. Такія дадзеныя зафіксаваныя ў статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банку Беларусі.

Сёлетнія лічбы выглядаюць нашмат больш прывабна за мінулагоднія. Летась у зьнешнім гандлі быў дэфіцыт, і складаў ён больш за два мільярды даляраў.

Эканамісты Леў Марголін і Сяргей Чалы кажуць, што сёлета на разьліках значна адбіваецца зьніжэньне цэнаў для Беларусі на расейскія газ і нафту.

І другое — у статыстычнай справаздачы ня ўлічваецца мыта за нафтапрадукты, якое Беларусь мусіць плаціць валютай у расейскі бюджэт. І гэта такая беларуская хітрасьць — адзначае спадар Марголін:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Справа ў тым, што ў гэты прафіцыт не ўваходзіць тое мыта, якое мы выплачваем Расеі. А выплачваецца яно ў валюце. І таму насамрэч тут яшчэ пытаньне — у нас прафіцыт альбо дэфіцыт?

Калі браць чысты гандаль, то так, ёсьць плюс у 1 мільярд 300 мільёнаў. А калі ўлічваць, колькі грошай трэба яшчэ вярнуць Расеі, то карціна зусім не такая прывабная».

Каб мець сапраўднае ўяўленьне пра стан экспарту і імпарту, абавязкова трэба ў дадзеныя статыстычнай справаздачы дадаваць лічбы мытных трансфэртаў, якія Беларусь пераводзіць Расеі — кажа Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Гэты лічбы ідуць іншым радком, у графе „трансфэрты“. Гэта прыкладна 300 мільёнаў даляраў за месяц. І калі іх выключыць, то атрымаецца прыкладна тое на тое. Як кажуць спэцыялісты, „балянс слаба-станоўчы“. Гэтыя пералічэньні, здаецца, робяць паквартальна. Але ў любым выпадку іх абавязкова трэба ўлічваць. Тады робіцца паўнейшым і больш зразумелым сальда паступленьня і адтоку валюты з краіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG