Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера з БХД спрабаваў завербаваць «кадравы афіцэр»


Беларускага журналіста і блогера Алега Нагорнага спрабавалі завербаваць «кадравыя афіцэры» неназванага ведамства.

Падчас няўдалых спробаў вярбоўкі яго распытвалі пра стасункі з БХД, а таксама спрабавалі сфабрыкаваць адразу некалькі крымінальных спраў, якія супярэчылі адна адной.

Прэсавая служба БХД падае аповед Нагорнага.

«Дзьве спробы вярбоўкі супрацоўнікамі КДБ (як намякалася) на адным тыдні давялося мне перажыць 8-га і 11-га траўня. Першая (увечары 8-га) не ўяўляе зь сябе нічога цікавага: падманным шляхам празь дзяўчо, якое хацела пагаварыць пра нешта „нетэлефоннае“ — пра нейкія дакумэнты, вывабілі на сустрэчу. Думаў, што гаворка пра жодзінскія грамадзкія арганізацыі, у якіх браў некалі ўдзел, і паехаў. Хоць настаяў на сустрэчы не ў прапанаванай кватэры, а на прыпынку грамадзкага транспарту. Зусім нядоўга былі мы сам-насам зь дзяўчынай. Хутка да размовы далучыліся хлопцы „ў цывільным“ год 30-ці з афіцэрскай выпраўкай і прагай даведацца пра мае стасункі з БХД», — распавядае Нагорны.

«Мне прарочылі добры патэнцыял у гэтай арганізацыі, калі я буду праяўляць больш актыўнасьці, і абяцалі пры гэтым спакойнае жыцьцё ў абмен на інфармацыю, якую „не празь цябе, дык празь іншага ўсё адно даведаемся, але толькі ў такім выпадку ты пацярпіш, а хтосьці іншы будзе жыць і працаваць спакойна“. Абяцалі „нават“ закрываць вочы на крытычныя артыкулы ў маім блогу. Ад такога „шчасьця“ ў акуратнай форме адмовіўся. Мне абяцалі, што могуць у такім выпадку пагаварыць са мной і інакш».

«Наступная сустрэча адбылася празь некалькі дзён: «на працу завіталі ўжо іншыя „юнакі ў цывільным“. Прадставіцца адмовіліся, пагаварыць у кабінэце — таксама. Павялі ў калідор, дзе паведамілі, што ёсьць дзяўчына, якая хоча напісаць заяву пра тое, што я выкраў у яе дакумэнты, і зробіць гэта, калі не атрымаецца дамовіцца „па-добраму“. Я папрасіў прадставіцца і наўпрост сказаць, што ад мяне патрабуецца, бо інакш не разумею, у чым справа, і не магу нічым памагчы. Далі часу падумаць да вечара і сышлі».

Таго самага вечара хлопцы ў цывільным прывезьлі на сустрэчу капітана міліцыі, «у суправаджэньні якога „запрасілі“ для высьвятленьня абставінаў у РАУС Заводзкага раёну сталіцы».

«У аддзяленьні пачалі з „падрыхтоўкі глебы“ — капітан і нейкі чалавек у цывільным, якога прадставілі як майго земляка з Жодзіна (хутчэй за ўсё, міліцыянт у званьні лейтэнанта), праводзілі допыт як па падручніку, прымяняючы адну з клясычных схемаў. Пачалося ласкава і з жаданьня „дапамагчы земляку“, а скончылася пагрозамі зламаць жыцьцё, забясьпечыць звальненьне з працы і разваліць сям’ю: „Я хоць і не пісака, але калі трэба будзе, магу вельмі яскрава апісаць жонцы, як ты спаткаўся з прастытуткай“, — запэўніваў ён».

«Акт другі. Праваахоўнікі бачаць, што абвінавачаньне ў выкраданьні пашпарта ня надта мяне турбуе, і вырашаюць зьмяніць яго на абвінавачаньне ў згвалтаваньні».

Сілавікі кажуць Нагорнаму, што ягоная ахвяра — гэта тая самая дзяўчына, у выкраданьні дакумэнтаў якой яго вінавацілі напярэдадні.

Нагорны кажа, што дзяўчыну завуць Кацярына Ляшкевіч. Яе старонку ён нават знайшоў у сацыяльных сетках.

Пасьля размоваў у міліцыі Заводзкага раёну Нагорнага адпусьцілі дамоў. Праўда, паабяцалі, што зь ім яшчэ зьвяжуцца.

«Я, у сваю чаргу, увечары 13 траўня накіраваў заказнымі лістамі заявы ў Сьледчы камітэт, начальніку Заводзкага РУУС, ва Ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС і УКДБ па Менску і Менскай вобласьці. Чакаю перамогі гэтых праваахоўных структураў над бяздарным парушэньнем заканадаўства ва ўласных шэрагах», — цытуе Алега Нагорнага прэсавая служба БХД.
XS
SM
MD
LG