Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карл Більт: «Украіна можа апынуцца ў становішчы Беларусі»


Міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більт назваў «трывожнымі» падзеі ва Ўкраіне. Заява зробленая перад пачаткам саміту кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу ў Брусэлі, паведамляецца на сайце Більта --> http://carlbildt.wordpress.com/ .

Чакаецца, што на сваім сёньняшнім паседжаньні міністры 27 краінаў ЭЗ сярод іншага вызначаць і агульную пазыцыю ў дачыненьні да сытуацыі вакол экс-прэм’ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі, асуджанай на 7 гадоў турэмнага зьняволеньня за газавыя пагадненьні з Расеяй.

Паводле Карла Більта, Украіна можа апынуцца ў становішчы Беларусі. У сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў гэтай краіне, ЭЗ прыняў санкцыі супраць афіцыйнага Менску.

Што да прапановаў адносна байкоту футбольнага першынства «Эўра-2012» ва Ўкраіне, то міністар Більт адзначыў, што «ня бачыць у гэтым кроку інструмэнту эўрапейскай палітыкі», а лічыць, што ўкраінскі ўрад усё ж мае яшчэ час, каб палепшыць істотна сытуацыю, паведамляюць эўрапейскія агенцыі.

Кіраўніца ў пытаньнях вонкавай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан заявіла ў панядзелак, што Эўразьвяз «вельмі пасьлядоўна дасылае сыгнал Украіне пра важнасьць правасудзьдзя». Некалькі Эўрапейскіх лідэраў ўжо заявілі, што будуць байкатаваць Украіну падчас Эўра-2012, пасьля таго як у мінулым месяцы Цімашэнка заявіла пра зьбіцьцё ахоўнікамі і абвясьціла галадоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG