Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алішэр Мірзоеў: заробак у 500 даляраў раскруціць інфляцыйную сьпіраль


Калі заробак у Беларусі будзе падвышаны да 500 даляраў да канца 2012 году, гэта павялічыць дыспрапорцыі ў беларускай эканоміцы, лічыць начальнік аддзелу сацыяльна-эканамічнай палітыкі Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС Алішэр Мірзоеў.

«Рэалізацыя гэтых плянаў павялічыць дыспрапорцыі ў эканоміцы, якія спрабуе ліквідаваць праграма ўраду, падтрыманая рэсурсамі АКФ», — заявіў Мірзоеў.

Камэнтуючы эканамічную сытуацыю ў Беларусі, Мірзоеў адзначыў, што пасьля вострага валютнага крызісу і нестабільнасьці, якія мелі месца ў 2011 годзе, у апошнія месяцы намецілася стабілізацыя.

«Для яе замацаваньня асабліва важна захоўваць фундамэнтальныя прынцыпы ўстойлівага функцыянаваньня эканомікі. Рост заробкаў у рэальным выражэньні (гэта значыць — з папраўкай на інфляцыю) не павінен перавышаць росту прадукцыйнасьці працы», — адзначыў экспэрт.

Парушэньне гэтага правіла, дадаў ён, вядзе да раскручваньня інфляцыйнай сьпіралі.

«Менавіта гэта мела месца ў 2010 годзе, калі прырост рэальнай заработнай платы больш як утрая перавысіў прырост прадукцыйнасьці працы (33% і 10% адпаведна). На тле высокіх зьнешнегандлёвых дысбалянсаў, якія працягвалі павялічвацца, гэта было адной з прычынаў валютнага крызісу вясной 2011 году», — патлумачыў Мірзоеў БелаПАН.

Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС быў створаны ў 2009 годзе, сродкамі фонду кіруе Эўразійскі банк разьвіцьця. Летась Рада фонду пастанавіла выдзеліць Беларусі 3 млрд. даляраў ЗША крэдыту. У 2011 годзе паступілі два траншы гэтага крэдыту на агульную суму 1,24 млрд даляраў.

Трэці транш у 440 млн даляраў ЗША Беларусь плянавала атрымаць пры канцы лютага 2012 году, аднак перамовы па гэтым пытаньні працягваюцца дагэтуль.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG