Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урбан Алін: Ня трэба паўтараць ва Ўкраіне беларускія памылкі


Напярэдадні сёньняшняй сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у Брусэлі, на якой плянуецца выпрацаваць адзіны падыход што да байкоту матчаў футбольнага чэмпіянату «Эўра-2012», швэдзкі сацыял-дэмакрат, парлямэнцкі экспэрт у пытаньнях зьнешняй палітыкі Урбан Алін заклікаў кіраўнікоў МЗС прыняць больш жорсткі падыход у дачыненьні да афіцыйнага Кіеву.

«Мы не павінны паўтараць ва ўкраінскай палітыцы беларускія памылкі. Час пернікаў для недэмакратычных рэжымаў прайшоў», — сказаў Алін у інтэрвію швэдзкаму тэлебачаньню SVT.

Урбан Алін таксама адзначыў розьніцу паміж Януковічам і Лукашэнкам: «Украінскі кіраўнік адрозьніваецца ад беларускага тым, што мае значную падтрымку з боку буйнога бізнэсу. Ён ведае, што Ўкраіна ў межах ЭЗ можа зарабіць вялікія грошы. Такім чынам, Януковіч нашмат больш за Лукашэнку залежны ад Эўразьвязу».

Паколькі Януковіч — адзін з найбагацейшых людзей Украіны, ЭЗ мог бы замарозіць некаторыя ягоныя рахункі, мяркуе швэдзкі сацыял-дэмакрат.

Таксама Алін у сувязі з сытуацыяй вакол Юліі Цімашэнкі прапануе пазбавіць бязьвізавага рэжыму ўкраінскіх чыноўнікаў, якія маюць дыпляматычныя пашпарты. Паводле ягоных словаў, гэтыя чыноўнікі мусяць нараўне з усімі падаваць заяву на атрыманьне візы для ўезду ў ЭЗ. У такім выпадку можна будзе адмовіць у дазволе на ўезд тым, хто прычыніўся да турэмных катаваньняў экс-прэм’ера Ўкраіны.

Урбан Алін лічыць слушнымі і тыя захады, якія ўжо зробленыя ў дачыненьні да некаторых прадстаўнікоў беларускіх сілавых структураў і судовай сыстэмы. Ён прапануе ўжыць такія захады і супраць тых, хто парушае законы ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG