Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вільня: акцыя за адмену візавага рэжыму


Беларуска-літоўская мяжа

Беларуска-літоўская мяжа

Увечары 12 траўня ў Вільні на плошчы перад чыгуначным вакзалам адбылася акцыя, якую правялі актывісты недзяржаўных арганізацыяў BelarusWatch і StudAlliance.

Акцыя прайшла ў рамках грамадзянскай кампаніі «Бязь візы!», накіраванай на адмену візавага рэжыму зь Беларусьсю, паведамляе БелаПАН.

Імпрэза была прымеркаваная да адкрыцьця інсталяцыі «Стагодзьдзямі разам, а цяпер ...», якая сымбалізуе бар’еры паміж Беларусьсю і Літвою.

Валянтэры кампаніі «Бяз візы!» правялі гульню, удзельнікі якой праходзілі своеасаблівы «памежны пункт на беларуска-літоўскай мяжы», адмыслова збудаваны на пляцы перад віленскім вакзалам. Ім прапаноўвалі прайсьці ўсе працэдуры, зь якімі сутыкаюцца беларусы і літоўцы, якія хочуць трапіць на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

У ходзе акцыі таксама быў арганізаваны збор подпісаў пад «Антывізавым маніфэстам». Таксама ўдзельнікі імпрэзы змаглі падпісаць паштоўкі, на якіх выказвалі сваё стаўленьне да візавых бар’ераў. Пазьней гэтыя паштоўкі будуць накіраваныя ў дзяржаўныя органы Літвы і Беларусі.

Удзельнікі кампаніі «Бязь візы!» настойваюць, што, нягледзячы на палітычныя супярэчнасьці, улады Беларусі і Эўразьвязу павінны дамаўляцца ці рабіць захады ў аднабаковым парадку для палягчэньня кантактаў паміж людзьмі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG