Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧC-2014 — “спрэчка тыдня” ў нямецкіх СМІ


Чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 году ў Менску, наступная зімовая Алімпіяда ў Сочы, усясьветнае футбольнае першынство 2018 году ў Расеі, чэмпіянат сьвету 2013 году па веласпорце ў Беларусі, а таксама блізкае футбольнае першынство Эўропы ва Ўкраіне.

Як адзначае аглядальнік нямецкага радыё Deutschlandfunk, усё гэта сьведчыць пра тэндэнцыю правядзеньня значных спартовых падзеяў у недэмакратычных дзяржавах, а таму не магло не стаць падставаю для шырокіх абмеркаваньняў у СМІ.

Журналіст бэрлінскага выданьня Die Tageszеitung піша, што дыскусіі аб правядзеньні прэстыжных спартовых відовішчаў у краінах, дзе маштабна парушаюцца правы чалавека, сталі сапраўднымі «спрэчкамі тыдня» ў нямецкіх СМІ, а артыкулы на гэтую тэму былі прызнаныя чытачамі самых розных выданьняў як адны з самых цікавых.

У нядзельным выпуску Die Tageszеitung на тэму ўплыву палітыкі на спорт разважаюць дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі зялёных і сябра парлямэнцкай камісіі па спорце Віёля фон Краман і вядомы ў мінуласьці нямецкі фігурыст Інга Штоер.

Як адзначае парлямэнтарка, спорт даўно ўжо ёсьць палітыкаю, нягледзячы на тое, што гэтага ўголас не прызнае ніхто з кіраўнікоў спартовых фэдэрацыяў. Палітык заклікае да зьменаў у агульным мысьленьні.

«Сёньня мы маем патрэбу, каб у правілах спартовых фэдэрацыяў былі вызначаныя стандарты правоў чалавека што да правядзеньня міжнародных мерапрыемстваў у аўтарытарных дзяржавах», — лічыць Віёля фон Краман.

Асуджаючы палітыку Лукашэнкі і пастанову МФХ аб правядзеньні ЧС-2014 у Беларусі, яна, аднак, называе байкот менскага першынства самым крайнім і наўрад ці самым правільным сродкам.

Інга Штоер, былы фігурыст, а цяпер трэнэр, у тым ліку чатырохразовых чэмпіёнаў сьвету Алены Саўчанкі і Робіна Шалковага, выступае на старонках бэрлінскага выданьня супраць усялякай палітызацыі спорту. У 2005–2006 гадох яму, былому гэдээраўцу, неаднойчы даводзілася удзельнічаць у судовых працэсах і выйграваць іх, паколькі Алімпійскі камітэт Нямеччыны адмаўляўся даваць яму дазвол на удзел у Алімпійскіх гульнях у якасьці трэнэра. НАК вінаваціў Штоера ў колішнім супрацоўніцтва са Штазі. Салідарнасьць з трэнэрам, аднак, прадэманстравалі ягоныя вучні, якія заявілі, што ў выпадку забароны Штоеру трэнаваць іх адмовяцца ад удзелу ў Гульнях.

«Палітыка не павінна выкарыстоўваць спорт, каб празь яго вырашаць канфліктныя палітычныя пытаньні», — гаворыць Штоер. Ён наракае, што канкурэнты нярэдка спрабуюць перашкодзіць былым гэдээраўскім спартоўцам ды трэнэрам, вінавацячы іх у супрацоўніцтве з усходненямецкай тайнай паліцыяй. У выніку ахвярамі становяцца ня толькі спартоўцы, трэнэры, але й тысячы заўзятараў.

Тым часам іншае нямецкае выданьне Süddeutsche Zeitung публікуе артыкул свайго спартовага рэдактара і аўтара кнігі «ФІФА-мафія» Томаса Кістнэра, які заклікае падзяляць аматарскі спорт і спартовыя відовішчы. Паводле ягонага меркаваньня, у выпадку з Украінаю ды Беларусьсю размова ідзе не пра сьвяты фізычнай культуры, а пра высокакамэрцыйны спорт. Апошняя катэгорыя ёсьць «самым буйным сэгмэнтам усясьветнай індустрыі забаваў, нават большым за кіно і музычную індустрыю».

Да такіх забаваў, паводле Кістнэра, дзякуючы рэкляме ў прайм-тайм далучаюцца мільёны тэлегледачоў ува ўсім сьвеце. У выніку «спартовая індустрыя» мае большую палітычную вагу, чым некаторыя нацыянальныя мерапрыемствы. Як лічыць Томас Кістнэр, «заходнія краіны не павінны рэклямаваць міжнародныя турніры ў тых краінах, дзе парушаюцца прынятыя стандарты з правамі чалавека».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG