Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уільям Бурдон: Адстаўка Куляшова — не падстава для радасьці


Уільям Бурдон. Фота з сайту http://www.russian.rfi.fr
Уільям Бурдон. Фота з сайту http://www.russian.rfi.fr
Францускі адвакат Уільям Бурдон, які падаваў ў францускі суд калектыўны пазоў ад імя грамадзянаў Беларусі супраць міністра Куляшова, пракамэнтаваў для радыё France International ягоную адстаўку.

У пачатку 2012 году францускі адвакат Уільям Бурдон падаваў ў францускі суд калектыўны пазоў ад імя грамадзянаў Беларусі супраць міністра Куляшова, абвінавачваючы яго ў арганізацыі катаваньняў арыштаваных пасьля 19 сьнежня 2010, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у РБ.

Міністар Куляшоў тады знаходзіўся ў Францыі на канфэрэнцыі Інтэрполу, аднак зьехаў да таго, як сьледчыя органы адрэагавалі на пазоў Бурдона.

Уільям Бурдон: Калі чалавек, якога падазраюць у тым, што на яго руках літры крыві, які ўдзельнічаў у страшных рэпрэсіях беларускіх уладаў супраць апазыцыянэраў і дэмакратаў, сыходзіць — ніхто, вядома, ня будзе горка шкадаваць пра гэта. Зьвязана гэта зь ціскам, які пастаянна робіць Эўразьвяз, альбо з той працэдурай, якую мы пачалі тут, у Францыі, альбо зь дзеяньнямі няўрадавых арганізацый? Магчыма. Але калі яго намесьнік — гэта папросту клон ці двайнік свайго начальніка, то гэта ўсё проста паказны выступ, тэатар! Хацелася б, каб гэтая адстаўка сымбалізавала паляпшэньне сытуацыі, але на гэты момант у нас няма знакаў, што гэтая адстаўка — сапраўды, радасная вестка.

RFI: Ні для ахвяраў рэжыму, ні для Эўропы?

Уільям Бурдон: Хацелася б верыць. Трэба на гэта спадзявацца, што і для Эўропы, і для дэмакратаў, і для іміджу гэтай краіны. Але зноў жа, паўтаруся, занадта рана казаць пра гэта. Перастаноўка ня кажа пра тое, што страшная палітыка, якую вядуць беларускія ўлады ў дачыненьні да свайго народу, скончыцца. Ня факт, што яна стане сыгналам надзеі ад Менску, а такіх сыгналаў сёлета, калі вы памятаеце, было вельмі мала.

Зьняты з пасады міністар унутраных справаў Анатоль Куляшоў уваходзіць у сьпіс сілавікоў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG