Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце просяць апазнаць «травеньскага садыста»


Марш мільёнаў. Масква. 6 траўня 2012 году

Марш мільёнаў. Масква. 6 траўня 2012 году

Кіраўнік сьледчага камітэту Расеі Аляксандр Бастрыкін узяў пад уласны кантроль расьсьледаваньне крымінальнай справы аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў спэцназаўцам, які 6 траўня ўдарыў нагой у жывот удзельніцу апазыцыйнай акцыі «Марш мільёнаў».

У інтэрнэце неўстаноўленага пакуль амапаўца ўжо ахрысьцілі мянушкай «травеньскі садыст».

Пра тое, што па факце зьбіцьця ўдзельніцы «Маршу мільёнаў» заведзеная крымінальная справа, журналістам паведаміў афіцыйны прадстаўнік сьледчага камітэту Расеі Ўладзімер Маркін:

— У межах крымінальнай справы прымаюцца меры да ўстанаўленьня сьведак здарэньня, а таксама канкрэтных супрацоўнікаў сталічнай паліцыі, якія ўжылі гвалт у дачыненьні да дзяўчыны. Акрамя таго, сьледчым трэба будзе высьветліць іншыя абставіны здарэньня, — сказаў Уладзімер Маркін.

Сваю службовую праверку ініцыявала і маскоўская паліцыя. У прэс-службе галоўнага ўпраўленьня МУС па Маскве ў пятніцу паведамілі, што правераныя былі ўсе супрацоўнікі АМАПу гарнізону сталічнай паліцыі, якія 6 траўня несьлі службу ў раёне Балотнай плошчы. Паводле папярэдніх дадзеных, ніводзін зь іх ня быў пазнаны на распаўсюджаным у інтэрнэце відэа зьбіцьця ўдзельніцы акцыі пратэсту.

Кампанію па прыцягненьню грамадзкай увагі да гэтага інцыдэнту ініцыяваў блогер Алег Козыраў. На сваёй старонцы ў «ЖЖ» ён апублікаваў відэазапіс, на якім відаць, як супрацоўнікі АМАПу валакуць па асфальце ўдзельніка маршу мільёнаў. Іншы паліцэйскі паварочваецца да іх і б’е затрыманага нагой у вобласьць жывата. Козыраў заклікаў карыстальнікаў інтэрнэту садзейнічаць усталяваньню асобы амапаўца, якога ён назваў травеньскім садыстам і параўнаў з «жамчужным прапаршчыкам» Алегам Бойкам. Бойка, які зьбіў чалавека на несанкцыянаваным мітынгу ля Гасьцінага Двара ў Пецярбургу 31 ліпеня 2010 г. і быў прызнаны судом вінаватым у перавышэньні службовых паўнамоцтваў з ужываньнем гвалту, атрымаў даволі мяккае пакараньне — 3,5 гады пазбаўленьня волі ўмоўна, пры тым, што пракурор прасіў для яго 4 гады ў калёніі-паселішчы.

Як паведамляюць у маскоўскіх праваахоўных органах, пакуль што ўдзельніца ці ўдзельнік маршу мільёнаў, якога б’юць на відэа, у паліцыю не зьвяртаўся. Таксама да гэтага часу не аб’явіўся ніводзін сьведка.
XS
SM
MD
LG