Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ліквідатара» Плошчы памянялі на таго, хто дапытваў яе ўдзельнікаў


Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

11 траўня Аляксандар Лукашэнка сваім указам адправіў у адстаўку былога міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова і прызначыў на ягонае месца Ігара Шуневіча, які да гэтага служыў у КДБ.

Аглядальнікі адзначаюць, што адстаўка Анатоля Куляшова чакалася ў любы дзень яшчэ ад сярэдзіны студзеня, калі першым намесьнікам міністра ўнутраных спраў прызначылі Ігара Шуневіча, які да таго служыў у КДБ.

«Мяркую, той вопыт, які вы набылі ў КДБ, вельмі вам карысны, але наагул вы — прафэсійны спэцыяліст Міністэрства ўнутраных спраў, вы служылі на ўсіх пасадах у МУС, ведаеце яго знутры, добра ведаеце вынік — гэта таксама для нас вельмі важна. Але самае галоўнае — праца ў КДБ», — казаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Ігара Шуневіча падчас прадстаўленьня яго ў Міністэрстве ўнутраных спраў 4 месяцы таму.

Ігар Шуневіч служыць у беларускай міліцыі з 1992 году з трохгадовым перапынкам, за які стаў начальнікам управы барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю КДБ. Гэтую пасаду ён займаў і ў студзені 2011 году, калі дапытваў у турме КДБ журналістку Натальлю Радзіну. Рэдактарка сайту «Хартыя-97» мяркуе, што Шуневіч даказаў сваю адданасьць рэжыму, таму і пайшоў на падвышэньне:

«Ва ўсіх ведамствах расстаўляюць людзей, якія падтрымалі Лукашэнку, калі трон пад ім захістаўся, як гэта было ў дзень выбараў. Вось ён, альбо ягоны сын Віктар, і ставіць правераных людзей на ключавыя пасады».

Новы міністар нарадзіўся ў 1967 годзе ў Луганскай вобласьці Ўкраіны. Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб згадаў, што папярэднікі новага міністра Анатоль Куляшоў і Ўладзімер Навумаў таксама не былі ўраджэнцамі Беларусі:

«Такія прызначэньні — яшчэ савецкая практыка. Іншанараджэнцамі лягчэй кіраваць. Ня тыя ў іх сувязі, ня тыя карані. Усё робіцца, як у СССР».
Іншанараджэнцамі лягчэй кіраваць. Ня тыя ў іх сувязі, ня тыя карані.

Мечыслаў Грыб згадаў, што менавіта Анатоль Куляшоў узяў на сябе ўсю адказнасьць за падзеі 19 сьнежня на менскай плошчы Незалежнасьці, якія ва ўсім сьвеце лічацца брутальным разгонам людзей, што пратэставалі супроць фальшаваньня выбараў:

«Вы калі-небудзь чулі, каб хто казаў, што ён выконваў загад кіраўніцтва? Не, толькі выконвалі патрабаваньне закону. Хм… Калі б яны спаслаліся на нейкую афіцыйную асобу, іх бы назаўтра ўжо не было», — заўважыў Мечыслаў Грыб.

Чаму адправілі ў адстаўку Анатоля Куляшова? Апошнім часам хадзілі ўпартыя чуткі пра праблемы са здароўем у Анатоля Куляшова, але былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў на гэтым прапануе не акцэнтаваць увагу. Паводле Мікалая Казлова, хоць Куляшоў адзначыўся перад уладай разгонам Плошчы, але сытуацыя ў міністэрстве пад кіраўніцтвам Куляшова стала рэзка пагаршацца:

«Калі згадаць, як „сышлі“ Пякарскі ці Полудзень, дык, як прынята ў нармальнай цывілізаванай краіне, ён сам мусіў даўно пайсьці ў адстаўку. Але нешта яму перашкаджала — ня думаю, што стан здароўя. Зь іншага боку, апошнім часам Куляшоў з публічнай палітыкі зьнік зусім, яго зусім ня стала бачна, і было зразумела, што ён толькі намінальна застаецца міністрам».
Ён за сабой зарэзэрваваў адно з самых агідных месцаў у нашай гісторыі…

Алесь Атрошчанкаў, былы прэсавы сакратар перадвыбарчага штабу Андрэя Саньнікава, быў асуджаны за падзеі на Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Паводле Алеся Атрошчанкава, месца Анатоля Куляшова ў найноўшай гісторыі Беларусі прадвызначанае менавіта тымі падзеямі:

«Ён за сабой зарэзэрваваў адно з самых агідных месцаў у нашай гісторыі — гэта разгон мітынгу 19 сьнежня. Напярэдадні мы ўсе перажывалі ўздым, які можна параўнаць зь перабудовай. Людзі не баяліся выказвацца, не баяліся выяўляць свае палітычныя погляды. Усё гэта было спынена 19 сьнежня, і, канечне, ніхто з нас ня будзе шкадаваць аб гэтай адстаўцы і гэтым чалавеку».

Алесь Атрошчанкаў не выключае, што Куляшова зьнялі ў выніку схаванай кулюарнай барацьбы, што, паводле актывіста, «тыпова для таталітарнай краіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG