Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Алесь Смалянчук: «Беларусы не адставалі, хоць і ішлі за суседзямі»


11 траўня ў амбасадзе Літвы ў Беларусі распачалася міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Нацыя, дзяржава, рэгіён: нацыянальныя рухі і краёвая ідэя ў Беларусі і Літве (канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя)».

Яе арганізатары — інстытут палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» (Літва — Беларусь), Польскі інстытут у Менску, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і амбасада Літвы ў Беларусі.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас на правах гаспадара адкрыў канфэрэнцыю:

«Я вас вітаю ў амбасадзе Літвы. Пераасэнсаваньне Беларусі. Ну супэр проста! Пераасэнсаваньне… Якое прыгожае слова! Гэта патрэбна паўсюль — калі нейкія праблемы насоўваюцца, і ў сям’і вельмі карысна пераасэнсаваньне, і на працы перазагрузка. Пераасэнсаваньне ў сто разоў больш прыгожа і больш інтэлігентна гучыць».

Дырэктар інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч патлумачыў, чаму гісторыкі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і нават Італіі зацікавіліся менавіта гэтым пэрыядам — канец пазамінулага — пачатак мінулага стагодзьдзя:

«Гэта час нараджэньня сучасных нацыяў практычна: канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя. Вось гэты пункт нараджэньня — ён шмат чаго вызначыў: тое, як разьвівалася гісторыя, як разьвіваліся народы на працягу ўсяго ХХ стагодзьдзя, і ў значнай ступені вызначае тое, што мы маем сёньня. Таму гэта я б разглядаў ня проста як гісторыю, а як тое, што мае сваё значэньне і для сучаснасьці».

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук з Горадні, які цяпер працуе ў Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук, таксама падкрэсьлівае актуальнасьць праблемы:

«Падобна, што праблема гэтых міжнацыянальных адносінаў чымсьці зараз пачынае зноў хваляваць людзей. Таму што гэтая канфэрэнцыя, пэўна, — адгалосак такога ўнутранага хваляваньня і, можа, непакою. Яна становіцца актуальнай крыху нечакана. Здаецца, у нас тут усё больш-менш добра, акрамя польска-літоўскіх адносінаў, якія ўвесь час вагаюцца паміж вострай канфрантацыяй і проста канфрантацыяй. Відаць, што гэтая ідэя мірнага суіснаваньня, ідэя сужыцьця на адной тэрыторыі розных нацыяў, згоднага, зладжанага жыцьця, — яна застаецца актуальнай і ў ХХІ стагодзьдзі».

На канфэрэнцыі навукоўцы Польшчы, Літвы і Беларусі шмат спрачаліся. Але, на думку Андрэя Казакевіча, гэты пэрыяд — канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя — не настолькі дыскусійны, як да прыкладу, спадчына Вялікага Княства Літоўскага, якая мае эмацыйную напружанасьць:

«Вельмі мала параўнальных дасьледаваньняў. Беларускія гісторыкі не зусім уяўляюць, якім быў літоўскі нацыянальны рух, зь якімі сутыкаўся праблемамі і як іх вырашаў, што, напэўна, значна больш дадало б разуменьня беларускай сытуацыі. Тут асноўная праблема — ня столькі ў супрацьстаяньні паміж рознымі нацыянальнымі гістарыяграфіямі, колькі ў ліквідацыі гэтых вось прабелаў і павелічэньні параўнальных дасьледаваньняў і разуменьні гэтага рэгіёну ўсё ж такі як цэласнасьці, якая потым прывяла да стварэньня сучасных нацыяў».
Рэгіяналізм як бы вышэй стаіць за нацыяналізм і аб’ядноўвае, яднае супольнасьць...

Прафэсар Інстытуту гісторыі Літвы Рымантас Мікніс засяродзіў увагу на краёвай ідэі, ідэі рэгіяналізму. Менавіта ў той час — на рубяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў — на яго думку, і зарадзілася грамадзянская супольнасьць:

«Рэгіяналізм як бы вышэй стаіць за нацыяналізм і аб’ядноўвае, яднае супольнасьць. Гэта ідэя абывацельская, ідэя грамадзянская. Мы і цяпер у Эўразьвязе часьцяком кажам, што ствараем грамадзянскую супольнасьць. Зародак грамадзянскай супольнасьці і быў у гэтай ідэі краёвай. А вось гэтае наша абмеркаваньне і дае магчымасьць пазнаць генэзіс».

Навукоўцы Літвы, Польшчы і Беларусі спрачаліся, дзе раней узьніклі нацыянальныя рухі. Літоўскія гісторыкі, натуральна, сьцьвярджалі, што ў Літве. Беларускі гісторык Алесь Смалянчук выказаў такое меркаваньне:

«Я б тут ня стаў гаварыць катэгорыямі „адставалі — апярэджвалі“. Беларусы мелі свой шлях. Калі браць пэўныя тэндэнцыі разьвіцьця этнакультурнага нацыянальнага руху — так, літоўцы пачалі раней, літоўцы ішлі раней, беларусы ішлі за імі. Але наконт адставаньня… Разумееце, тое, што нехта пачынае раней, а ты ідзеш за ім, мае і свае выгоды. Ты можаш улічваць нейкі вопыт і тыя этапы, якія той народ праходзіць дзесяцігодзьдзямі, а ты пераскокваеш праз пэўны час. Ужываць тэрмін „адставалі“ тут ня вельмі хочацца».
XS
SM
MD
LG