Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую цымбалістку крыўдзяць на Эўрабачаньні?


Аляксандра Дзенісеня, фота <a href="http://www.youngmusicians.tv/page/vienna-2012">youngmusicians.tv</a>

Аляксандра Дзенісеня, фота <a href="http://www.youngmusicians.tv/page/vienna-2012">youngmusicians.tv</a>

Цымбалістка Аляксандра Дзенісеня выйшла ў фінал міжнароднага конкурсу маладых музыкантаў «Эўрабачаньне-2012» (Eurovision Young Musicians). Трансьляцыя конкурсу адбудзецца 11 траўня.

У Вену, дзе пройдзе фінал, Аляксандра паехала разам з бацькамі і кампазытарам Уладзімерам Кур’янам. Ягоны твор «Канцэртына для цымбалаў, струннага аркестру і ўдарных інструмэнтаў» яна і будзе выконваць.

Пэдагог Аляксандры, прафэсар Акадэміі музыкі Тацьцяна Сяргеенка паехаць з вучаніцай не змагла, бо ляжыць у шпіталі. Кажа, што паездку на конкурс аплаціла дзяржава, але канцэртны строй — шытую на замову сукенку, туфлі — рыхтавалі самі.

Сяргеенка вельмі перажывае, што ў Вене няма нармальных умоваў для рэпэтыцый. Галоўнай несправядлівасьцю яна лічыць парадак выступоўцаў:

«Яе без тлумачэньня паставілі граць першай зь сямі. Гэта самы нявыйгрышны нумар. Усе забудуцца на першага. А паводле лёсаваньня яна была шостай, перадапошняй. Што хочуць, тое і робяць. А свайго аўстрыйскага скрыпача паставілі сёмым. Цягнуць сваіх! Невыноснае стаўленьне да нашых, невыноснае! — кажа Сяргеенка са сьлязьмі ў голасе. — Я ёй туды тэлефаную за свае грошы. Настройваю яе, каб яна жорстка гаварыла з аркестрам. Яна ангельскай мовай выдатна валодае. Стаіць мэтраном 156 — грайце ў гэтым тэмпе».
Яе без тлумачэньня паставілі граць першай зь сямі. Гэта самы нявыйгрышны нумар. Усе забудуцца на першага. А паводле лёсаваньня яна была шостай, перадапошняй.

У фінале, апроч беларускі, выступяць маладыя музыканты з Армэніі, Аўстрыі, Чэхіі, Нямеччыны, Нарвэгіі і Польшчы.

Аляксандра Дзенісеня нарадзілася ў 1994 годзе. Яе мама — доктар-нарколяг, тата — інжынэр. У рэспубліканскую гімназію-каледж, якую мае скончыць у гэтым годзе, пайшла зь першай клясы. Дырэктар установы Андрэй Калядзіч кажа пра яе як пра адну з найлепшых вучаніц:

«Яна дасягнула найвышэйшых вынікаў у асваеньні інструмэнта. І сам факт яе выхаду ў фінал з такім інструмэнтам — цымбалы, які ўсё ж не клясычны, а народны, — дэманструе акадэмічны статус гэтага інструмэнта».

Па словах Андрэя Калядзіча, на цымбалах выконваецца вельмі складаны рэпэртуар. Але тое, што ў фінале клясычнага Эўрабачаньня будзе выконвацца музыка сучаснага беларускага кампазытара, — гэта сур’ёзнае прадстаўленьне нацыянальнага мастацтва на эўрапейскім узроўні.

Тацьцяна Сяргеенка кажа пра сваю вучаніцу як пра бліскучую выканаўцу. Яна ня раз атрымлівала стыпэндыі фонду прэзыдэнта Беларусі, удзельнічала ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, рабілася іх ляўрэаткай. Выступала на адной сцэне з Уладзімерам Сьпіваковым, Максімам Венгеравым, Мікалаем Пятровым, Яўгенам Бушковым.

У конкурсе Eurovision Young Musicians могуць удзельнічаць музыкі, якім яшчэ ня споўнілася 19 гадоў, таму для Дзенісені — гэта апошняя магчымасьць. Граць можна на любым інструмэнце, але выконваюцца толькі творы для саліста з аркестрам. Тацьцяна Сяргеенка кажа, што для «Канцэртына», якое выконвае Дзенісеня, у аркестры не знайшлося гонгу. «Я кажу ім: раз няма ў вас гонгу, стаўце тамтам з шостай сымфоніі Чайкоўскага! Патрабуйце ўсе інструмэнты! Аркестар ёй пляскаў на першай рэпэтыцыі. Але, ізноў жа, з аўстрыйскім выканаўцам яны рэпэціруюць гадзіну, а зь ёю — 10 хвілінаў!»

Аляксандра Дзенісеня ўжо другі раз прадстаўляе Беларусь на Eurovision Young Musicians. У 2010 годзе разам зь ёю ўдзельнічаў віялянчэліст Іван Карызна, які тады трапіў у фінал і заняў 4 месца. На наступны год Карызна стаў ляўрэатам міжнароднага конкурсу Чайкоўскага ў Маскве. Цяпер ён вучыцца ў Парыжы ў Нацыянальнай кансэрваторыі.

Па словах Тацьцяны Сяргеенкі, Аляксандру, якая ў гэтым годзе сканчае музычны каледж, прыме любая кансэрваторыя сьвету. Адразу пасьля выступу ў Вене яна мае граць у Берасьці на конкурсе імя Жыновіча. Удалы выступ на падзеі рэспубліканскага маштабу дасьць маладой цымбалістцы магчымасьць без іспытаў паступіць у Беларускую акадэмію музыкі і атрымаць два мільёны беларускіх рублёў. Удзел у Eurovision Young Musicians ніякіх фінансавых выгодаў для выканаўцы ня нясе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG