Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня мае рэзэрваў, каб забясьпечваць беларусаў «іншамаркамі»


Увоз легкавых аўтамабіляў у Беларусь імкліва скарачаецца.

Паводле афіцыйных дадзеных, сёлета ў першым квартале імпарт зьменшыўся больш чым у шэсьць разоў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2011-га. Тым часам дылеры ўсясьветных аўтавытворцаў прагназуюць кардынальнае падаражэньне транспартных сродкаў у сувязі з увядзеньнем Расеяй утылізацыйнага збору на ўжываныя машыны. Якія пэрспэктывы рыхтуе беларусам аўтамабільны рынак?

За тры першыя месяцы 2012 году ў Беларусь завезена крыху больш за 13 тысяч легкавых аўтамабіляў. Прычым на долю новых аўто, увезеных афіцыйнымі дылерамі, прыпадае менш за 40% ад гэтай колькасьці. Відавочны спад актыўнасьці і перагоншчыкаў: яны прыгналі машын амаль у 10 разоў меней, чым за першы квартал летась. Калі падобная тэндэнцыя будзе захоўвацца і надалей, за год у Беларусь трапіць прыкладна 50 тысяч аўтамабіляў. Для параўнаньня, у 2011-м беларусы завезьлі ў краіну 284 тысячы машын. Ажыятаж быў найперш абумоўлены ўніфікацыяй мытных збораў з Расеяй, што рабіла аўто даражэйшымі напалову.

Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка кажа, што леташняе перанасычэньне рынку транспартам на нейкі час адтэрмінуе праблему абнаўленьня прыватнага аўтапарку, але ненадоўга:

Анатоль Шаўчэнка
Анатоль Шаўчэнка
«Рынак жыве, канечне, ужыванымі аўтамабілямі, якія людзі стараліся ў максымальнай колькасьці завезьці да 1 ліпеня. Дарэчы, можна пачуць шмат размоваў пра тое, як і каму іх прадаць, бо ў сытуацыі безграшоўя яны ў такой колькасьці не патрэбныя. З гэтай прычыны рынак фактычна стаіць нерухомы. Зь іншага боку, цяпер шмат будзе залежаць ад таго, які курс на аўтамабільным рынку абярэ Расея. Перадусім, ці дацісьне яна саюзьнікаў, каб тыя выконвалі рашэньні, выгадныя толькі Маскве. Канечне, галоўнае, каб не было горш, каб мы ўрэшце ня сталі губэрняй Расеі».

Ад 1 жніўня Расея ўводзіць так званы ўтылізацыйны збор на ўжываныя аўтамабілі, нібыта абавязковы для ўсіх чальцоў Мытнага саюзу. Як папярэджваюць дылеры, такі крок у абарону расейскіх аўтавытворцаў выкліча значны рост цэнаў на мадэлі замежнай вытворчасьці. Аналітык у галіне аўтамабільнага бізнэсу Аляксей Бабайцаў трывогі гандляроў падзяляе, аднак кажа, што пакуль у гэтым пытаньні няма ніякай яснасьці. Няясна таксама, ці будзе збор абавязковы для сплаты грамадзянамі Беларусі:

«Тут сапраўды ёсьць рэальная падаплёка, зьвязаная з Мытным саюзам, з пэўнымі працэсамі ў Расеі і ўніфікацыяй шэрагу палажэньняў. Зразумела, што гэта пакуль прагноз і некаторыя чаканьні. Але дылеры, паколькі гэта іхні бізнэс, загадзя б’юць трывогу, магчыма, жадаючы прадухіліць падобныя рэчы. Бо верагодныя наступствы пакуль што ацаніць досыць складана. Гэтаксама як і сказаць, наколькі рэалістычны такі сцэнар адносна Беларусі. Хутчэй за ўсё, уздымаючы гэтае пытаньне, разгойдваючы яго, яны хочуць атрымаць нейкую яснасьць у гэтым пытаньні. То бок — што чыноўнікі з гэтай нагоды думаюць, будуць яны далучацца да чарговай расейскай ініцыятывы ці не, у якія тэрміны і г.д. У такім, мабыць, трэба разглядаць ключы».

Аўтамабільны рынак фактычна паралізаваны. Юрыдычныя асобы ня могуць пахваліцца станоўчай дынамікай ня толькі з-за шматлікіх абмежаваньняў у дзейнасьці, але і з-за неплатаздольнасьці насельніцтва. Крэдыты пад новыя аўто ў сваёй масе непад’ёмныя, бо на фінішы трэба пераплочваць ледзь не ўдвая. На другасным рынку праблемы інакшыя: прапанова тут нашмат перавышае попыт, бо летась машын завезена ў 2,5 раза больш, чым у звычайныя гады. Абнавіліся практычна ўсе, хто таго хацеў, знайсьці новых пакупнікоў складана. Як кажа фінансавы аналітык Сяргей Чалы, леташні ажыятаж шмат для каго выльецца ў страты:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Несумненна, ужо паўсюдна назіраецца сытуацыя, калі людзі застаюцца ў пройгрышы. То бок летась яны „напружылі“ свае і без таго абмежаваныя фінансы тым, што патрацілі ашчаджэньні менавіта на той актыў, які будзе вельмі хутка таньнець і ліквіднасьць якога будзе імкліва зьніжацца. Вось жа, што тычыцца наступстваў павальнай аўтамабілізацыі, то яны лёгка прадказальныя — наўрад ці тут нехта моцна выйграе».

Аўтамабільны аналітык Аляксей Бабайцаў падкрэсьлівае, што ня спраўдзіўся разьлік і на пераарыентацыю ў бок расейскіх вытворцаў замежных аўтамабільных брэндаў. Па словах суразмоўцы, расейцы ня маюць рэзэрваў, каб забясьпечыць беларусаў бязмытнымі іншамаркамі:

«Новы маштаб коштаў, плюс тое, што дылерам скасавалі ільготу па ПДВ...
Пакуль што рынак стаіць на ўзроўні да 2005 году — прынамсі ...
Аляксей Бабайцаў

Зразумела, што рынак новых аўтамабіляў ніяк ня мог кампэнсаваць поўнае «схлопваньне» рынку ўжываных аўто. Гэта раз. Па-другое, не адбылося перанастройваньня дылерскіх і дыстрыбутарскіх каналаў на Расею. Дылеры скардзяцца, што расейскія заводы, якія зьбіраюць іншамаркі, самі перагружаныя заказамі, і Беларусь туды яшчэ ня хутка ўсунецца. А бяз гэтага нам даступныя толькі імпартаваныя аўтамабілі па высокай цане — без уліку расейскіх іншамарак, якія нам проста не прадаюць. Таму гэты працэс будзе працяглы, і ня варта чакаць рэзкай станоўчай дынамікі. У лепшым выпадку самі дылеры прагназуюць досыць стрыманы рост. І то калі ня будзе дадатковых зьменаў кшталту ўтылізацыйнага збору, яшчэ чагосьці. Пакуль што рынак стаіць на ўзроўні да 2005 году — прынамсі, рынак новых аўтамабіляў. А што да ўжываных, то зразумела, што ён цалкам «схлопнуўся».

У 2011 годзе імпарт аўтамабіляў у Беларусь прынёс дзяржаўнай казьне больш за 2,5 мільярда даляраў у выглядзе мытных пошлінаў. Для параўнаньня, на продажы малочнай і мясной прадукцыі бюджэт зарабляе прыкладна 1,5 мільярда даляраў. Аднак уступленьне ў Мытны саюз пацягнула за сабой вымушаную ўніфікацыю заканадаўства пад расейскія стандарты і рэзка зьнізіла аўтамабільныя прыбыткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG