Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: стыхійны страйк прадпрымальнікаў

абноўлена

11 траўня ў Рэчыцы не прыступілі да працы каля трохсот прадпрынімальнікаў рынку «Славянскі». Яны абураныя павышэньнем арэнднай платы на 120 адсоткаў.

Прадпрымальнікі патрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам прыватнага прадпрыемства «Данапрыс», якому належыць рынак «Славянскі», прасілі ўмяшацца ў сытуацыю Рэчыцкі райвыканкам.

Гаворыць старшыня рады рынку, прадпрымальнік Алег Шабетнік:

«Рынак „Славянскі“ стаіць поўнасьцю. Людзі сабраліся ўранку, але пакуль адміністрацыя рынку да нас не выходзіць. Патэлефанавалі прадпрымальнікі і ў райвыканкам. Там адказалі, што пакуль яны засядаюць, але павінны пад’ехаць. Чакаем! І без таго паднялі базавую велічыню з 35 да 54 тысяч — людзі з гэтым пагаджаюцца. Аднак прадпрыемству „Данапрыс“ падалося гэтага мала. Яны падвысілі яшчэ й каэфіцыент. У выніку людзям паднялі арэнду на 120 адсоткаў».

Рада рынку не падпісала дакумэнт пра такое падвышэньне, бо ня мела разьлікаў і тлумачэньняў, чым абумоўлены такі рост.

На суседнім рынку «Цэнтральны», які месьціцца на адной тэрыторыі з рынкам «Славянскі» і належыць гораду, сума арэнды пасьля падвышэньня склала 21 тысячу 600 рублёў за квадратны мэтар. «Славянскі» патрабуе, каб прадпрымальнікі плацілі за мэтар асфальту, на якім стаяць ралеты, ад 38 да 54 тысяч — у залежнасьці ад месцазнаходжаньня. Уведзены новы каэфіцыент разьліку арэнднай платы: замест ранейшых 0,53 ён стаў 0,73 альбо нават 1,1.

Спадар Пётар займаецца прыватным бізнэсам амаль 20 гадоў і вельмі незадаволены, што адміністрацыя рынку спрабуе цяпер націснуць на прадпрымальнікаў, каб з кожным паасобку заключыць дамовы на арэнду па новых стаўках, хоць нейкіх дадатковых выгодаў не прапаноўвае:

«Мы не карыстаемся нічым — у нас кавалак голага асфальту. На гэтых кавалках стаяць не будынкі рынку — на іх стаяць нашы ралеты, якія мы пабудавалі самі, сваімі рукамі. У нас ні электрычнасьці няма — анічога. Невядома, чаму яны „забіваюць“ у гэтую арэндную плату ўсё спрэс — у іх адміністрацыйны корпус велічэзны, штат велічэзны. Расшыфроўкі арэнднай платы ніякай няма. Тут трэба, каб спэцыялісты зь імі разабраліся. Ну што гэта такое?»

У бухгалтэрыі прыватнага прадпрыемства «Данапрыс» адмаўляюцца камэнтаваць рэзкае падвышэньне арэнднай платы, а ягоная дырэктарка Яна Старушэнка кажа, што страйку наагул не было:

«Гэта праводзілі сход, тлумачальны сход наконт падвышэньня стаўкі арэнднай платы ў сувязі са зьменай заканадаўства».

Аб 11-й гадзіне кіраўніца «Данапрыса» сапраўды выйшла да прадпрымальнікаў і заявіла, што рост арэнднай платы заканамерны і што дамовы на арэнду будуць заключацца з кожным паасобку. Але ніякага абгрунтаваньня кошту арэнды прадпрымальнікі не атрымалі. Таму яны вырашылі запрасіць на будучы аўторак аўдытара дзеля незалежнай праверкі памеру арэнднай платы. Калі ж прадпрыемства «Данапрыс» не дапусьціць аўдытара, то на наступны дзень прадпрымальнікі прыйдуць у райвыканкам з патрабаваньнем вярнуць рынак «Славянскі» ў мясцовую камунальную ўласнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG