Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Айцец Яўген Усошын: Працэс кананізацыі вельмі складаны


Айцец Яўген Усошын. Фота з сайту Catholic.by

Айцец Яўген Усошын. Фота з сайту Catholic.by

Вынікі візыту ў Беларусь архібіскупа Кірыла Васіля камэнтуе дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын.

З 7 да 10 траўня доўжыўся візыт у Беларусь сакратара Ватыканскай кангрэгацыі ўсходніх цэркваў архібіскупа Кірыла Васіля. Архібіскуп правёў перамовы ў МЗС Беларусі, камітэце ў справах рэлігіяў, сустракаўся з каталіцкімі біскупамі і вернікамі як лацінскага (рымскага), так і бізантыйскага (грэка-каталіцкага) абрадаў, а таксама з кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Філарэтам.

Вынікі візыту для Радыё Свабода камэнтуе дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын.

Бушлякоў: Якое значэньне візыту ў Беларусь высокага прадстаўніка Ватыкану? Што азначае візыт з пункту гледжаньня пэрспэктываў разьвіцьця Беларускай грэка-каталіцкай царквы?

Усошын: Гэты візыт, перш за ўсё, прысьвечаны малітоўнай згадцы мучаніцкага подзьвігу, які 70 гадоў таму назад зьдзейсьніў айцец Антон Неманцэвіч, першы экзарх беларускіх грэка-католікаў. У 1943 годзе ён памёр у мурах менскай турмы СД. Таксама ягоная паства, гэта значыць, паства ваколіцаў Слоніма, Альбэртына і таксама паства на Палесьсі, у прыватнасьці, у вёсцы Бабровічы, яны таксама прыблізна ў той час зазналі крывавага перасьледу з боку нямецкіх захопнікаў.

Што да таго, якое значэньне мае для нашай царквы гэты візыт. Упершыню ў Беларусь прыехаў герарх усходняй кангрэгацыі настолькі высокага ўзроўню. Нас вельмі цешыць, што ён зьяўляецца ўсходнім біскупам і належыць да аднаго з намі бізантыйскага абраду, бізантыйскай традыцыі. І гэты візыт безумоўна ўмацуе, перш за ўсё, духоўна нашу царкву.

Бушлякоў: Выступаючы ў Менску, архібіскуп Кірыл Васіль прызнаў актуальнасьць разьвіцьця структуры Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Што такое на сёньня Беларуская грэка-каталіцкая царква?

Усошын: Як вельмі добра сказаў архібіскуп у часе сваёй прэс-канфэрэнцыі, царква адрадзілася з попелу. І гэтая царква, якая на тэрыторыі Беларусі цяпер існуе, яна ня ёсьць вельмі, можа быць, шматлікай у колькасным вымярэньні, але яна вельмі моцная духоўна, перш за ўсё сваёй спадчынай, сьведчаньнем вернасьці Хрысту і вернасьці свайму пакліканьню, служэньнем народу. Сёньня на тэрыторыі Беларусі існуюць больш за дзясятак парафіяў, якія зарэгістраваныя. Некаторыя парафіяльныя супольнасьці рыхтуюцца да таго, каб заявіць пра сябе як парафіі. І гэтая царква жывая. Яна разьвіваецца. Канечне, мае свае праблемы, як і кожны жывы арганізм.

Бушлякоў: Зь якімі, на вашу думку, галоўнымі праблемамі сутыкаюцца цяпер беларускія грэка-каталікі?

Усошын: Гэтыя праблемы вельмі часта агульныя з праблемамі іншых царкоўных супольнасьцяў на тэрыторыі Беларусі. Гэта праблема недахопу царкоўных памяшканьняў. Гэта таксама даходжаньне да паўнаты нашага царкоўнага статусу.

Бушлякоў: Ці ёсьць, на ваша адчуваньне, вы кантактавалі з архібіскупам Кірылам Васілём, ці ёсьць у Ватыкане разуменьне таго, што Беларуская грэка-каталіцкая царква прагне паўнаты афармленьня?

Усошын: Хачу спаслацца на яго самога, ён вельмі выразна даў зразумець, што, канечне, апостальская сталіца разумее гэтую патрэбу.

Бушлякоў: Вы некалькі разоў згадалі айца Антона Неманцэвіча, сёлета спаўняецца 70 гадоў з часу яго пакутніцкай сьмерці. Ці мае Беларуская грэка-каталіцкая царква намер кананізаваць айца Неманцэвіча?

Усошын: Працэс кананізацыі, прызнаньня таго, што чалавек зьяўляецца заступнікам нябесным – гэта працэс вельмі складаны, але на сёньняшні дзень у дачыненьні да айца Антона Неманцэвіча ўжо некаторы час ідзе. Першы этап гэтага працэсу – інфармацыйны, калі зьбіраюцца зьвесткі пра асобу кандыдата. І ў адносінах да айца Неманцэвіча гэтыя зьвесткі зьбіраюцца.

Бушлякоў: Колькі часу можа заняць працэс кананізацыі?

Усошын: Ня можна так сказаць. Гэта вельмі складаны мэханізм, які залежыць ад вельмі шмат якіх фактараў. Працэс можа цягнуцца вельмі коратка, некалькі гадоў, а можа і паўсотні гадоў.

Бушлякоў: Як бы вы патлумачылі нашым слухачам, чаму айцец Антон Неманцэвіч варты кананізацыі?

Усошын: Ён быў чалавекам, які заўсёды быў верны Хрысту, заўсёды хацеў служыць Хрысту і служыць народу хрыстоваму, гэта значыць, люду, які вызнае веру ў Хрыста. Ён не дзяліў гэты народ па нацыянальнасьцях, служыў усім аднолькава, не спрабаваў выкарыстоўваць Бога, царкву і сваё царкоўнае становішча ў нейкіх іншых мэтах, чым царкоўныя, чым весьці людзей да Хрыста.

Бушлякоў: І апошняе пытаньне да Вас. Пару месяцаў таму агенцтва БЕЛТА распаўсюдзіла інтэрвію з кіраўніком аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату мітрапалітам Іларыёнам, які прыяжджаў у Беларусь. У гэтым інтэрвію мітрапаліт Іларыён сказаў, што ў РПЦ вельмі занепакоеныя намерам перанесьці мошчы сьвятога Язафата Кунцэвіча з Рыму ў Віцебск, і што ён, мітрапаліт Іларыён, ужо казаў пра гэта дзяржаўнаму сакратару Ватыкану. Ці сапраўды такі намер існуе і ці мае да яго дачыненьне БГКЦ?

Усошын: Не, мне пра такі намер нічога не вядома. Гэта чуткі, якія ўзьніклі дзесьці па-за межамі нашай царквы, яны нейкім чынам да нас дайшлі, але зноў жа кажу – яны ўзьніклі па-за межамі нашай царквы.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG