Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зайсьці ў Twitter – як заняцца любоўю


Дасьледнікі Гарварду высьветлілі, чаму людзі ня здольныя ўтрымацца перад спакусай дзяліцца кожным сваім крокам, думкай, жаданьнем і сымпатыямі зь іншымі ў Twitter, Facebook, Foursquare, Instagram і Pinterest.

ІnoСМИ.ru падае артыкул Los Angeles Times з вынікамі дасьледаваньня (пераказ inoСМИ.ru).

Правёўшы сэрыю экспэрымэнтаў, дасьледнікі выявілі, што акт раскрыцьця інфармацыі пра сябе актывуе тыя ж цэнтры задавальненьня ў мозгу, якія задзейнічаныя, калі мы ямо, атрымліваем грошы ці займаемся любоўю. Вядома, ступень задавальненьня розная (большасьці з нас сэкс дае большае задавальненьне, чым аповеды пра сябе), аднак навукай даказана, што наш мозг успрымае самараскрыцьцё як нейкі досьвед, які прыносіць задавальненьне.

Гэта можа дапамагчы растлумачыць вынікі нядаўніх дасьледаваньняў паводзінаў карыстальнікаў інтэрнэту, якія паказалі, што 80% пастоў у сацыяльных сетках, такіх як Twitter і Facebook, зьяўляюцца простымі аб'явамі аб уласным непасрэдным досьведзе карыстальніка.

Вядучы навуковы супрацоўнік Даяна Тамір і яе суаўтар Джэйсан Мітчэл распрацавалі сэрыю экспэрымэнтаў з мэтай вымераць ступень задавальненьня, якое людзі адчуваюць, калі пішуць пра сябе.

Дасьледнікі падключылі людзей да тамографа і назіралі за мазгавой актыўнасьцю ўдзельнікаў экспэрымэнту, у той час як тыя адказвалі на пытаньні аб іх уласным меркаваньні і пытаньні аб меркаваньні навакольных.

Дасьледнікі выявілі, што ўчасткі мозгу, якія адказваюць за задавальненьне, былі задзейнічаныя ў большай ступені, калі людзі казалі пра сябе, і ў меншай ступені – калі людзі казалі пра іншых.

Навукоўцы таксама выявілі, што падыспытныя хутчэй адмовяцца ад грошай (усяго некалькіх цэнтаў), прапанаваных ім за тое, каб пагаварыць пра іншых, каб мець магчымасьць атрымаць значна большае задавальненьне ад размоў пра сябе.

У другой частцы дасьледаваньня навукоўцам трэба было высьветліць, наколькі людзям, якія распавядаюць пра сябе, важная наяўнасьць аўдыторыі.

«Нам трэба было высьветліць, ці прыносяць аповеды пра свой асабісты досьвед задавальненьне, таму што ў працэсе вы пачынаеце задумвацца пра сябе, і гэта само па сабе прыемна, – альбо людзям важна мець аўдыторыю», – сказала Тамір.

Як ужо, верагодна, здагадаліся тыя карыстальнікі Facebook, у якіх 700 і больш сяброў, дасьледнікі выявілі, што ўчасткі мозгу, якія адказваюць за задавальненьне, актывізуюцца ў большай ступені, калі людзі павінны былі дзяліцца сваімі думкамі зь сябрамі або чальцамі сям'і, чым калі падыспытным паведамлялі, што ўсе іх думкі захаваюць ў таямніцы.

Магчыма, усё гэта тлумачыць дзіўныя паводзіны людзей, якія залішне адкрытыя ў інтэрнэце – часам нават сабе на шкоду. (Уявіце сабе злачынцаў, якіх арыштоўваюць пасьля таго, як яны пахваліліся сваімі злачынствамі ў Facebook, дзяўчынку-падлетка, чые апавяданьні пра яе хатнія абавязкі прывялі да таго, што яе бацька расстраляў яе ноўтбук, альбо чалавека, які ледзь не адправіўся ў турму за скаргі на сваю жонку).

«Я думаю, што гэтае дасьледаваньне дапамагае растлумачыць, чаму людзі так часта зьвяртаюцца да сацыяльных сетак, – кажа Тамір. – Я думаю, што гэта тлумачыць існаваньне Twitter і тое, чаму Facebook так папулярны – людзі атрымліваюць задавальненьне, дзелячыся інфармацыяй пра сябе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG