Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаполыя шлюбы. «У Беларусі такой праблемы няма»


Барак Абама стаў першым прэзыдэнтам ЗША, які выказаўся за легалізацыю аднаполых шлюбаў. Сваю пазыцыю з гэтай нагоды ён выказаў у інтэрвію тэлекампаніі ABC. Паводле ягоных словаў, да такой думкі ён прыйшоў пасьля доўгага абмеркаваньня гэтай тэмы з чальцамі сваёй адміністрацыі, сям’ёй і сябрамі.

Як беларускія палітыкі, грамадзкія актывісты ставяцца да заяваў амэрыканскага прэзыдэнта?

Сяргей Андросенка

Сяргей Андросенка

Старшыня праваабарончага праекту «Гей-Беларусь» Сяргей Андросенка адзначыў, што цяперашні ўрад ЗША падтрымлівае раўнапраўе, у тым ліку і шлюбнае, і асуджае дыскрымінацыю ў адносінах да ЛГБТ. Спадар Андросенка прывёў прыклад: нядаўна па распараджэньні Гілары Клінтан абвешчаны вялікі праектны конкурс на выдзяленьне грантаў для ЛГБТ-арганізацыяў усяго сьвету — больш за 3 мільёны даляраў закладзена на барацьбу з гамафобіяй:

«Я думаю, што ня толькі беларуская, але і ЛГБТ-супольнасьць усяго сьвету ўдзячная ўраду ЗША за такую пасьлядоўную падтрымку. Але мае сябры ў ЗША, напрыклад, і актывісты ЛГБТ-руху наракаюць на тое, што падтрымка прэзыдэнта і дзяржсакратара ЗША ёсьць, але зьмены, у тым ліку і заканадаўчыя, не такія хуткія, як хочацца людзям. Напрыклад, ёсьць заканадаўчы акт у ЗША аб абароне сям’і, які вызначае шлюб як толькі саюз паміж жанчынай і мужчынам. Гэты дакумэнт ужо колькі год абяцаюць адмяніць, але да гэтага часу ён не адменены».

Паводле амэрыканскіх палітолягаў, заява Абамы пра легалізацыю аднаполых шлюбаў можа прыцягнуць моладзь, але расчаруе кансэрватыўна настроеных ягоных прыхільнікаў. А вось верагодны супернік Абамы на маючых адбыцца сёлета прэзыдэнцкіх выбарах рэспубліканец Міт Ромні выступае супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што насельніцтва ЗША падзелена па гэтым пытаньні напалам.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Старшыня стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі выказаў такое меркаваньне:

«Мне бліжэйшая пазыцыя, безумоўна, канкурэнта Барака Абамы менавіта ў гэтым пытаньні. Нашы бліжэйшыя партнэры — хрысьціянскія дэмакраты Нямеччыны — нават у сваёй адноўленай фундамэнтальнай праграме сьцьвярджаюць, што шлюб ёсьць саюз паміж жанчынай і мужчынам выключна. І так яны ўспрымаюць трактоўку шлюбу, грунтуючыся на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Таму як хрысьціянскі дэмакрат я лічу, што шлюб — гэта саюз паміж жанчынай і мужчынам. Выключна».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

На думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, выказваньне Абамы на карысьць легалізацыі аднаполых шлюбаў — частка барацьбы за электаральныя сымпатыі ў Амэрыцы. Што да Беларусі, спадар Лябедзька выказаў такое меркаваньне:

«У Аб’яднанай грамадзянскай партыі і нават у кантэксьце ўсёй краіны Беларусі такой праблемы няма і не існуе. Пра што сёньня гаворыць Аб’яднаная грамадзянская партыя, і мы ведаем, што гэта хвалюе і грамадзянаў краіны, — гэта якой будзе прыватызацыя ў краіне, ці будзе рэальная мадэрнізацыя прадпрыемстваў, ці прыйдуць прамыя інвэстыцыі, якой будзе пэнсія і заробак. Вось гэта тое, што ёсьць праблемнае для Беларусі. Можа, калі мы дацягнемся да стандартаў Амэрыкі ў эканоміцы, тады, мажліва, гэтае пытаньне паўстане спачатку як дыскусійнае, а потым і як палітычнае».

У ЗША аднаполыя шлюбы дазволеныя ў шасьці штатах, а таксама ў Фэдэральнай акрузе Калюмбія. У 30 штатах аднаполыя шлюбы забароненыя заканадаўча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG