Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт, які спазьніўся на 15 гадоў


Улада прызнала, што прадпрымальніцтва ў беларускай правінцыі разьвіваецца слаба. На сельскую мясцовасьць прыпадае каля трох працэнтаў усіх малых прадпрыемстваў, што дзейнічаюць у Беларусі. Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 6 «Аб стымуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадзкіх паселішчаў, сельскай мясцовасьці». Дэкрэт уводзіць падатковыя ільготы для прадпрымальнікаў у рэгіёнах.

Ці будзе эфэкт ад чарговага прэзыдэнцкага дэкрэту? Што кажуць пра гэты дакумэнт прадпрымальнікі? Ці ёсьць каму ў вёсках разьвіваць ініцыятыву? На якія праблемы й перашкоды скардзяцца людзі?


Берасьцейшчына


Якраз гэтымі днямі баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус спрачаецца зь мясцовымі чыноўнікамі, спрабуючы пераканаць іх у неабходнасьці адрадзіць пустую фэрму ў прыгараднай вёсцы Моўчадзь.

Прадпрымальнік кажа, што мае праект наконт прамысловай птушкагадоўлі. Мікалай Чарнавус:

«Ну ёсьць жа тут пустыя землі. Але ж баяцца даць! Усё яшчэ баяцца...»

Карэспандэнт: «Баяцца нават тады, калі Лукашэнка сам гэта дэкляруе...»

«Таго, што ён там кажа, тут ня чуюць... Перш чым папрасіць пустую фэрму, я кансультаваўся з фэрмэрамі. Яны мне заявілі, што не дадуць мясцовыя чыноўнікі памяшканьня. Не дадуць!
Але ж яны баяцца, што нейкі Чарнавус возьме тут фэрму, здабудзе посьпехі, а пасьля скажа чыноўнікам: «Навошта вы тут сядзіце і грошы атрымліваеце?!»

Былая жывёлагадоўчая фэрма пустуе ў вёсцы Юшкавічы — гэта за дзесяць кілямэтраў ад Баранавічаў. Мне кажуць: „Не дадуць!“ Так яно і атрымалася. Я напісаў заяву, і яшчэ людзі падпісаліся: „Перадайце нам гэтую пустую фэрму для вытворчасьці“. Не! Праігнаравалі, нават адказу не далі...»

Карэспандэнт: «А ў вас быў праект, досьвед, разьлікі?»

«Так, так, так... Але ж яны баяцца, што нейкі Чарнавус возьме тут фэрму, здабудзе посьпехі, а пасьля скажа чыноўнікам: „Навошта вы тут сядзіце і грошы атрымліваеце?!“ Таму цяпер кожны зь іх загадзя страхуецца...»


Віцебшчына


Дэкрэт аб істотных ільготах для вясковага бізнэсу вялікага імпэту ў саміх вяскоўцаў не выклікае. Хоць пэрспэктывы ў вясковага прадпрымальніцтва ёсьць.

Да прыкладу, у вёсцы Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёну можна было б адчыніць прыватную цырульню, аўтамайстэрню ці хаця б нават другую прыватную харчовую краму. Каб была «здаровая канкурэнцыя», разважае Зьміцер Лупач:

«Ёсьць адна прыватная харчовая крама. Калі дзяржаўная зачыняецца недзе ў 7 вечара, дык гэтая працуе да 10-й. І кошты там адпаведныя — бо канкурэнтаў няма. Хлопец адзін тузаўся, каб адчыніць нешта накшталт бару, але не далі яму, абклалі нейкімі ўмовамі... Адзінае, што тут захапілі прадпрымальнікі, — як дзяржава з гэтым ні змагалася, — дык гэта скупка мяса».

Хоць якое прадпрымальніцтва існуе тут толькі таму, што Дзеркаўшчына — усё ж вялікая вёска.

А вось у Старых Ранчыцах Бешанковіцкага раёну, дзе жыве Георгі Станкевіч, засталося паўтары сотні чалавек. Спадар Георгі мае прадпрымальніцкую жылку: працуе настаўнікам, але трымае тры каровы і прадае малако. Але адчыняць, прыкладам, краму ў роднай вёсцы лічыць справай непэрспэктыўнай:

«У нашай вёсцы паўтары сотні чалавек, пераважна пэнсійнага ўзросту. А калі не пэнсійнага ўзросту, то вельмі вялікая верагоднасьць, што яны бухаюць кожны дзень. Я мог бы адчыніць краму, але для каго? Для тых, хто бухае штодня, або для пэнсіянэраў? Дык яны шмат ня купяць: адным бутэлькі віна на дзень хапае, а бабульцы той — кілё цукру на тыдзень. І ўсё, бізнэс вылеціць у трубу!»

Пра тое, каб адчыніць на вёсцы нейкую вытворчасьць, ніхто з маіх суразмоўцаў не гаворыць. Выключэньне — Уладзімер Іванковіч зь мястэчка Лынтупы Пастаўскага раёну. Ён фэрмэр, а яшчэ займаецца дрэваапрацоўкай, арандуе памяшканьне былой майстэрні ў вёсцы Паўхуны, вырабляе цясьлярную дошку:
Зь мяне палова Лынтуп сьмяецца: глядзяць, выплыву я ці не.

«Учатырох працуем, мясцовыя, лынтупскія... Ну, хлопцы такія — любяць выпіць... Няма з кім працаваць! Памірае шмат, нараджальнасьць малая, шмат зьяжджаюць у горад. Я такі адзін, у каго засталася вытворчасьць. Можа, я такі дурны ці ўпёрты. Можа, трэба было зьяжджаць на працу ў Літву ці ў Польшчу, дый усё? Зь мяне палова Лынтуп сьмяецца: глядзяць, выплыву я ці не, ды пасьмейваюцца»...

На думку Ўладзімера Іванковіча, дэкрэт Лукашэнкі пра ільготы для вясковых бізнэсоўцаў спазьніўся гадоў на 15. Бо цяпер ужо няма каму ўвасабляць яго ў жыцьцё.

Гомельшчына


Прадпрымальнік Сяргей з гарадзкога пасёлку Акцябрскі займаецца апрацоўкай драўніны. Дэкрэт № 6 у яго асаблівага захапленьня ня выклікаў. Вядома, добра, што дзелавым людзям у сельскай мясцовасьці, малых і сярэдніх гарадах вызначаны шэраг ільготаў. Але на практыцы ўсё бывае далёка ня так гладка, як пішацца ў афіцыйных дакумэнтах. Узяць хаця б першачарговы выкуп памяшканьняў для вытворчасьці, якія арандуюць прадпрымальнікі. Было багата пастановаў — і за адну, і за дзьве базавыя велічыні прадаваць іх бізнэсоўцам. Але што ў рэальнасьці.

Сяргей: «Дэкрэты выходзяць, але ніхто табе не ідзе насустрач. Казалі вось пра стварэньне працоўных месцаў — дадуць табе памяшканьне за адну, за дзьве базавыя велічыні, як раней казалі. Ніхто не дае таго аб’екта — анічога. Гэта ўсё — фількава грамата».

Жлобінская прадпрымальніца Сьвятлана кажа, што ў дэкрэце нічога не сказана наконт магчымасьці прыцягваць да працы найманых працаўнікоў. Бяз гэтага праблематычна пасьпяхова разьвіваць свой бізнэс:

«Каб я разьвівалася, мне патрэбны наёмныя асобы. Гэта ў нас найпершае пытаньне. Ужо колькі гадоў запар мы патрабуем, каб у нас былі найміты, каб нам вярнулі найманых працаўнікоў».

Прадпрымальнік Дзяніс з Рагачова, які займаецца побытавымі паслугамі насельніцтву, лічыць, што бізнэс ня можа разьвівацца з прычыны залішняй рэглямэнтацыі й кантролю з боку дзяржаўных органаў:

«Як бізнэс можа разьвівацца, калі няма адпаведных умоваў дзеля ягонага разьвіцьця? Тое, што вызвалілі ад падаткаў, натуральна, добра. Але ўмоваў няма. Няма памяшканьняў, дзе б людзі маглі працаваць. Няма зямлі. Нават тыя ж самыя аграсядзібы, якія рэклямуюць, — яны таксама пад кантролем дзяржавы».

Выйсьце варта шукаць у аслабленьні манаполіі дзяржавы й прадзяржаўных структураў на разнастайныя віды дзейнасьці:

«Трэба зьняць манаполію прадзяржаўных структураў на бізнэс, каб была абсалютна вольная канкурэнцыя паміж прадпрымальнікамі. Нават калі мяне вызваляць ад падаткаў — а я згодзен і 500 даляраў плаціць падаткаў, — патрэбныя ўмовы, каб мой бізнэс разьвіваўся. Гэта першае. І другое, самае галоўнае. У людзей зараз вельмі мала грошай. Калі ў людзей няма грошай на тыя тавары й паслугі, якія прапануюць прадпрымальнікі, то бізнэс таксама ня можа разьвівацца — плаці ты падаткі ці не плаці».

Прадпрымальнік паведаміў таксама, што 8 траўня падатковая інспэкцыя яго аштрафавала, бо спазьніўся з выплатай падаткаў.


Гарадзеншчына


Ці можа новы дэкрэт ажывіць бізнэс у сельскай мясцовасьці і малых гарадах? Меркаваньне гарадзенскіх мінакоў.

— Чыноўнікі на месцах паралізаваныя, баяцца ценю свайго. Пры такім стане рэчаў нельга спадзявацца на пазытыўныя, канкрэтныя зьмены. Дэкрэт, пройдзе час, і пад сукно трапіць. Гэта мая асабістая думка: пазытыву ня будзе.

— Мёртваму прыпарка! Прынамсі, тыя людзі, зь якімі я кантактую, усё менш вераць таму, што па беларускім тэлебачаньні паказваюць. Карацей, я лічу, што нічога да лепшага ня зьменіцца. Гэта ўсё прафанацыя на самой справе.

— Я, напрыклад, сам бізнэсам займаюся. Апошнім часам зрухі ёсьць, але не такія, як хацелася б нам. Глядзяць са званіцы камісій, да народу менш зьвяртаюцца. Вось што галоўнае. Таму што прымаюцца законы на высокім узроўні, але яны ідуць уразрэз. Не, зрухі ёсьць, але не зусім тое, што хацелася б.

— Я думаю, калі ўмовы палепшаць, то бізнэс павялічыцца, калі хаця б пяць гадоў ня трэба будзе плаціць. Грошы ёсьць не ўва ўсіх, але калі я хачу, то буду займацца, бо гэта дасьць грошы. Лічу: рашэньне правільнае, дасьць плюсы для разьвіцьця эканомікі, стабілізацыі ў краіне.

— Я думаю, дэкрэт ня можа дапамагчы. Бізнэс з усіх бакоў ужо заціснулі...

— Я лічу, калі чалавек хоча працаваць, калі рукі ў яго растуць адтуль, адкуль трэба, дык тут дэкрэты і ўказы не патрэбныя, чалавек можа знайсьці месца і час, было б жаданьне. А тым больш калі ўрад, улада ідзе насустрач людзям: калі ласка, бярыце і рабіце.

— Я думаю, дэкрэт ня можа дапамагчы. Бізнэс з усіх бакоў заціснулі, таму ён усё ніжэй і ніжэй — на каленях, на карачках. У нас жа падатковая сыстэма адна з самых складаных у сьвеце.

Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва патлумачыў, што дэкрэт № 6 рыхтавалі спэцыялісты Міністэрства эканомікі. Зьвярталіся яны па парады й да прадпрымальнікаў, але, як наракае суразмоўца, шмат якіх карысных прапаноў чыноўнікі не ўлічылі. Віктар Маргелаў тлумачыць:

«Шчыра скажу, што палова прапаноў, якія мы пісалі, у гэты дэкрэт ня трапіла. А каб нашы прапановы былі ўлічаныя, то і вынік ад яго атрымаўся б больш дзейсны».

Карэспандэнт: «Шосты дэкрэт Лукашэнкі, закліканы стымуляваць працу бізнэсу ў рэгіёнах, — ён мае ў асноўным характар рэкамэндацыяў да чыноўнікаў і мясцовай улады. А ці ня здарыцца, што менавіта чыноўнікі будуць стрымліваць і, як гаворыцца, тармазіць тэмп прасоўваньня гэтага дакумэнту?»

«Згодзен зь гэтым, — кажа Віктар Маргелаў. — Па маёмасьці, да прыкладу, цяжка будзе разьбірацца. Бо тое, што больш-менш трывалае, то яго не аддаюць. А прапануюць толькі развалюхі, і гэтым будынкам патрэбен толькі бульдозэр... Увогуле, мы заклікаем да комплекснага падыходу ў выкананьні гэтага дэкрэту. Бо, да прыкладу, калі стаіць 10 пытаньняў, а на справе вырашыцца 9, то ўсё роўна выніку можа ня быць...Таму гэты дэкрэт толькі абнадзейвае, але не вырашае тыя праблемы, якія назьбіраліся...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG