Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як можна знайсьці карупцыю ў бізнэсе, калі і бізнэсу няма?»


«Ці шырока распаўсюджаная карупцыя ў бізнэсе вашай краіны?» Такое пытаньне сацыялягічная служба «Gallup» задавала ў розных краінах сьвету. Працэнт станоўчых адказаў быў даволі высокі, ад 60 працэнтаў у ЗША да 93 працэнтаў у Харватыі, 81 — ва Ўкраіне, 79 — у Расеі. На гэтым фоне даволі сэнсацыйна выглядаюць вынікі гэтага апытаньня ў Беларусі. Толькі 38 працэнтаў беларусаў заявілі, што карупцыя шырока распаўсюджаная ў беларускім бізнэсе. Чым можна патлумачыць такія дадзеныя?

Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

Незалежны беларускі сацыёляг Аляксандар Сасноў лічыць, што адказ даволі просты — у Беларусі няма бізнэсу, таму няма і карупцыі ў бізнэсе.

«Бізнэсу амаль няма. Як можа пабачыць карупцыю ў бізнэсе, калі і бізнэсу самога няма? У нас ёсьць „дзяржаўны бізнэс“, а там карупцыі шмат, бо існуе добрая спайка дзяржаўных прадпрыемстваў і чыноўнікаў.

Вось прыклад. Прыйшоў інвэстар, хацеў набыць невялікі беларускі заводзік. Яму прапанавалі ў тры разы большую цану — не прадалі. Цяпер у выніку завод ляжыць, амаль памёр. А вось калі б ён прапанаваў адкат, яму б гэты завод прадалі. І так паўсюль».

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Балыкін адзначае спэцыфіку беларускай сытуацыі з карупцыяй:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«Калі ў краіне адзін чалавек вырашае літаральна ўсё, то дамаўляцца можна толькі зь ім. У Беларусі таксама існуе такая кланавая сыстэма, калі дапамагаюць рабіць бізнэс знаёмым, родзічам і гэтай далей. Большасьць людзей не ўспрымаюць гэта як карупцыю, але фармальна гэта таксама карупцыя.

У Беларусі няма вялікага бізнэсу, таму тут і карупцыі ня можа быць. Карупцыя ў бізнэс-структурах узьнікае тады, калі ёсьць досыць вялікія прыватныя бізнэсы, якімі кіруюць найманыя мэнэджэры. А калі бізнэс невялічкі і ім кіруе ўласьнік, якая там можа быць карупцыя?»
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG