Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Каваленкі не выключае, што ён зноў пачаў галадоўку


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

У Віцебскім сьледчым ізалятары Сяргею Каваленку не дазволілі спатканьня з жонкай Аленай.

10 траўня Алена Каваленка спрабавала дамагчыся спатканьня з мужам Сяргеем, якога трымаюць у віцебскім сьледчым ізалятары. Але ў абласным судзе жанчыне адмовілі. Алена падзялілася інфармацыяй ад мэдыкаў псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках пра стан здароўя Сяргея на той дзень, калі яго прывезьлі зь Віцебску на пачатку красавіка.

«Сказалі, што ён трапіў да іх у крытычным стане. Як маглі, яны крыху падцягнулі здароўе, аднак прызнаюць, што этапавалі яго ад іх абсалютна хворым, з цэлым букетам праблем і захворваньняў. І тое, што да яго не пускаюць зараз — у мяне падазрэньне: можа, ён зноў там абвясьціў галадоўку?»

Алена падазрае, што яе не пусьцілі да мужа, каб ня стала вядома пра новую галадоўку Сяргея. Паводле Алены Каваленкі, яе муж мае падставы скардзіцца на стаўленьне да яго ў ізалятары падчас першай галадоўкі.

«У мяне ёсьць такое падазрэньне. Калі яго зноў зьмясьцілі ў гэты ізалятар, дзе зь яго раней зьдзекаваліся, дзе здымалі тое правакацыйнае відэа, то я магу яго зразумець, калі ён гэта зноў пачаў».

10 траўня стала вядома, што разгляд касацыйнай скаргі актывіста Сяргея Каваленкі на ранейшы прысуд прызначаны ў Віцебскім абласным судзе на 18 траўня.
XS
SM
MD
LG