Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўніяты чакаюць зацьвярджэньня царкоўнай структуры


Архібіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, архібіскуп Кірыл Васіль, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці
Архібіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, архібіскуп Кірыл Васіль, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці

На запрашэньне ўладаў Беларусь наведвае сакратар Ватыканскай кангрэгацыі ўсходніх цэркваў архібіскуп Кірыл Васіль.

Ён меў перамовы ў МЗС, Камітэце па справах рэлігіяў, сустракаўся са сьвятарамі і вернікамі грэка-каталіцкай царквы, кіраўніком Каталіцкага касьцёла мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Сёньня ўладыка Васіль сустрэўся з кіраўніком БПЦ мітрапалітам Філарэтам.

Архібіскуп Кірыл Васіль прывёз вітаньне ад папы Бэнэдыкта ХVI беларускім католікам і ўніятам. У Івацэвічах ён ушанаваў памяць закатаванага гестапа апостальскага экзарха грэка-католікаў Беларусі Антона Неманцэвіча і спаленых у 1942 годзе грэка-каталіцкіх вёсак.

У МЗС Беларусі архібіскуп Кірыл правёў перамовы з намесьнікам міністра Сяргеем Алейнікам, сёньня ў яго была сустрэча з праваслаўным мітрапалітам Філарэтам. Архібіскупа Кірыла вітаў і кіраўнік каталіцкага касьцёла на Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч:

«Грэка-католікі ў Беларусі заўсёды былі, яны таксама ёсьць і сёньня, і таму лягічна, што да нас прыбыў такога высокага рангу ватыканскі функцыянэр».

Як паведаміў сам уладыка Кірыл, прадстаўнік Кангрэгацыі па справах усходніх цэркваў наведвае Беларусь упершыню. Паводле яго, цяпер мае актуальнасьць тэма разбудовы структуры Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і яна будзе абмяркоўвацца зь іншымі кампэтэнтнымі органамі Сьвятога пасаду: дзяржаўным сакратарыятам Ватыкану, папскай радай па еднасьці хрысьціян, а таксама каталіцкімі герархамі і папскім нунцыем у Беларусі. Уладыка Кірыл:

«Безумоўна, гэта пытаньне, адказ на якое цікавіць многіх грэка-католікаў і ня толькі іх. Гэтае пытаньне таксама блізкае майму сэрцу. Яно будзе абмяркоўвацца з усёй увагай і далікатнасьцю, якая яму належыць. Але гаварыць пра канкрэтныя формы, спосабы і час яго разьвязаньня яшчэ рана».

Летась вялікая група беларускіх вернікаў грэка-католікаў зьвярнулася да Сьвятога пасаду з просьбай усталяваць у Беларусі герархічную структуру для іхнае царквы на чале зь біскупам. Адзін з тых, хто падпісаў гэты ліст, Юры Хадыка, учора сустракаўся з архібіскупам Кірылам:

Юры Хадыка
Юры Хадыка
«У мяне зьявілася адчуваньне, што высокі прадстаўнік Ватыкану разумее нашы праблемы. Але паводле ягоных адказаў было бачна, што ў ягоных паўнамоцтвах ня так шмат сілы. Ён разьлічвае на нейкую падтрымку, і прычына тут простая, ён на гэта намякнуў, — у Ватыкану на гэта недастаткова грошай».

Паводле Юрыя Хадыкі, колькасьць вернікаў грэка-католікаў у Беларусі расьце, але павольна. Цяпер існуе каля 30 парафіяў, злучаных у дэканат. Яны аб’ядноўваюць да 10 тысяч вернікаў.

Візыт у Беларусь прадстаўніка Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў — важны дыпляматычны крок у адносінах Менску і Ватыкана, перакананы палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
«Гэта, канечне, крок, які ня мог быць ня ўзгоднены паміж усімі зацікаўленымі бакамі — і беларускай дзяржавай, і Расейскай праваслаўнай царквою ў Маскве, і яе беларускім экзархатам».

Пашырэньня грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі пакуль не назіраецца, кажа спадар Мацкевіч. Іншая справа, што ёсьць патрэба спрыяць тым парафіям, якія існуюць:

«Гэта патрабуе ўвагі, бо стан гэтай царквы ў Беларусі нездавальняючы. Яны ня маюць ні свабоды дзеяньняў, ні дастатковых магчымасьцяў для набажэнстваў. Напэўна, гэта агульная справа рыма-каталіцкай царквы, якая магла б дапамагаць грэка-каталіцкай пры адпаведных дамоўленасьцях з праваслаўнай царквою».

Паводле спадара Мацкевіча, БПЦ сваімі дзеяньнямі, такімі, як кананізацыя біскупа Сямашкі, які скасаваў уніяцкую царкву, паказвае, што ставіцца да адраджэньня грэка-каталіцкай канфэсіі ня надта прыхільна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG