Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я азербайджанскага прэзыдэнта мае асабісты фінансавы інтарэс у будаўніцтве канцэртнай залі для Эўрабачаньня-2012.

У канцы гэтага месяца ўвага эўрапейскіх тэлегледачоў будзе засяроджаная на будынку са шкла на беразе Касьпійскага мора, дзе будуць прымаць зорак эстрады і тэлебачаньня больш чым з 40 краінаў Эўропы. Менавіта адсюль будзе ісьці трансьляцыя Эўрабачаньня — 2012.

Азербайджан атрымаў права на правядзеньне папулярнага шоў летась, калі азербайджанскі дуэт перамог на Эўрабачаньні-2011. Урад Азербайджану адказаў будаўніцтвам новага канцэртнага будынку, які атрымаў назоў «Крыштальная Заля», умяшчае 23 тысячы гледачоў і каштуе 134 мільёны даляраў.

Новабудоўлю неаднаразова наведвалі прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і ягоная жонка Мэхрыбан.

Аднак іх увага да аб’екту была выкліканая ня толькі патрыятычнымі памкненьнямі. Як выявіла супольнае расьсьледаваньне Праекту вывучэньня арганізаванай злачыннасьці і карупцыі (OCCRP) і Радыё Свабода, сям’я прэзыдэнта мае асабісты матэрыяльны інтарэс праз будаўнічую кампанію Azenco.

Афіцыйна будаўніцтва вядзе нямецкая кампанія Alpine Bau Deutschland AG. Тым ня менш, на частцы абсталяваньня на будаўнічай пляцоўцы стаіць знак Azenco. Прадстаўніцтва нямецкай кампаніі адмовілася патлумачыць акалічнасьці выбару субпадрадчыка.

Рэальны ўладальнік Azenco хаваецца за шэрагам падстаўных кампаніяў. Два гады таму афіцыйнае выданьне Агенцтва па прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці ў Азербайджане абвясьціла, што бакінскі Interenerji MMC набыў 97,5 адсоткаў акцыяў Azenco.

У адпаведнасьці з запісам аб уласнасьці ў сакавіку 2010 года, ADOR MMC, іншая бакінская кампанія, кантралюе 70 адсоткаў уласнасьці Interenerji. А зарэгістраваная кампанія на адрас, дзе ў той час жылі Мэхрыбан, Лэйла і Арзу Аліевы — жонка і дочкі азербайджанскага прэзыдэнта.

У 2010 г. Радыё Свабода дасьледавала прыватызацыю інфраструктуры дзяржаўных кампаніяў, у тым ліку Azalbank (цяпер — Silkwaybank), якія таксама маюць у якасьці зарэгістраванага акцыянэра Арзу Аліеву, якая пражывала па тым самым адрасе. Прэсавы сакратар прэзыдэнта Азэр Гасімаў тады пацьвердзіў, што акцыянэрам сапраўды была дачка прэзыдэнта.

Гасімаў не адказаў на неаднаразовыя тэлефанаваньні і пісьмовы запыт наконт дачыненьняў сям’і прэзыдэнта да Azenco і наяўнасьці канфлікту інтарэсаў у выпадку, калі Azenco здабывае выгоду ад удзелу ў будаўнічых праектах, якія фінансуюцца дзяржавай.

Каардынатар Эўрабачаньня-2012 Сіц Бакер сказаў, што Эўрабачаньне ня ўдзельнічае ў будаўніцтве канцэртнай залі і парэкамэндаваў задаваць пытаньні «кампэтэнтным» асобам.

Дарэчы, канцэртная заля — не адзіны амбітны праект, у якім ўдзельнічае Azenco. Яшчэ раней кампанія мела дачыненьне да будаўніцтва плошчы Дзяржаўнага сьцягу, якая ўвайшла ў кнігу рэкордаў Гінэса самым высокім у сьвеце флагштокам і абышлася бюджэту ў 38 мільёнаў даляраў.

Паводле афіцыйных крыніцаў, толькі ў 2010 годзе кампанія атрымала кантракты на суму $ 79 мільёнаў. Акрамя таго, кампанія нядаўна атрымала кантроль над Сумгаіцкім тэхналягічным паркам.

Дырэктар палітычна незалежнага Цэнтру спрыяньня эканамічным ініцыятывам Азер Мяхціеў лічыць, што выпадак з Azenco можа быць прыкладам прысваеньня нафтавага багацьця краіны.

«Вялікія інфраструктурныя праекты з нафтавымі прыбыткамі ў асноўным разьмяркоўваюцца сярод кампаніяў, якія належаць высокапастаўленым чыноўнікам, — кажа Мяхціеў. — Урад трымае інфармацыю аб уладальніках у сакрэце. Грамадзкі кантроль за кампаніямі, у тым ліку і створанымі ў афшорных зонах, немагчымы».
XS
SM
MD
LG