Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыба і арэхі дапамагаюць даўжэй захаваць здаровы розум


Амэга-3 тлустыя кісьліны дапамагаюць пазьбегчы хваробы Альцгаймэра. Гэта пацьвярджаюць вынікі новага дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе Neurology.

Як раней было ўстаноўлена, у мозгу пацыентаў з хваробаю Альцгаймэра ўтвараецца паталягічны бялковы налёт — так званыя амілёідныя бляшкі. Гэта прыводзіць да зьніжэньня і згасаньня разумовых здольнасьцяў. Узровень бялка ў крыві ўзаемазьвязаны зь яго адкладаньнем у мозгу.

International Herald Tribune падае дэталі дасьледаваньня. На працягу паўтара году дасьледнікі трымалі пад кантролем групу 1219 псыхічна здаровых людзей, старэйшых за 65 гадоў. Тыя запісвалі склад свайго рацыёну, а таксама рабілі аналізы крыві на наяўнасьць бэта-амілёіду, вітамінаў ды на іншыя паказьнікі. Ніводнае з харчовых рэчываў не чыніла ўплыву на ўзровень бэта-амілёіду ў крыві, апрача амэга-3 тлустых кісьлінаў. Пасьля кантролю ўзросту, адукацыі, этнічных і генэтычных паказьнікаў вучоныя ўстанавілі, што высокі ўзровень амэга-3 кісьлінаў паніжае ўзровень бэта-амілёіду ў крыві.

Крыніцаю амэга-3 тлустых кісьлінаў для ўдзельнікаў дасьледаваньня былі рыба, мяса птушкі, маргарын і арэхі. Аднак адзін з аўтараў дасьледаваньня, прафэсар нэўралёгіі ўнівэрсытэту ў амэрыканскім штаце Каламбія Ніклас Скармз не сьпяшаецца складаць новую дыету. Паводле прафэсара, мэтай дасьледаваньня было высьветліць мэханізм уплыву амэга-3 кісьлінаў на функцыю мозгу, а не даваць рэкамэндацыяў адносна харчаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG