Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лячэньне Цімашэнкі зойме ня менш за месяц, паведаміў нямецкі лекар


Люц Гармс

Лячэньне экс-прэм’ера Ўкраіны Юліі Цімашэнкі зойме ня менш за месяц. Пра гэта паведаміў журналістам доктар зь нямецкай клінікі «Шарытэ» Люц Гармс пасьля агляду Цімашэнкі ў харкаўскай клініцы, куды яе перавезьлі сёньня з калёніі.

Доктар Гармс сказаў, што плян лячэньня вызначаны, цяпер Цімашэнку выводзяць са стану галадоўкі, якую яна праводзіла ў зьняволеньні.

Цімашэнка пагадзілася на перавод у Харкаўскі шпіталь пры ўмове, што яе лекарам будзе доктар Гармс. Украінскім мэдыкам Цімашэнка не давярае, бо яны, паводле яе адваката, штодня пісалі даведкі пра тое, што яна здаровая.

Учора стала вядома, што саміт дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, заплянаваны на 11-12 траўня ў Ялце, адкладзены на нявызначаны час з-за адмовы ўдзельнічаць у ім большасьці запрошаных лідэраў эўрапейскіх краін — у сувязі з занепакоенасьцю ўмовамі ўтрыманьня ў харкаўскай калёніі Юліі Цімашэнкі.
XS
SM
MD
LG