Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўшчына: Хроніка занядбаньня «Дняпроўскага рубяжа»


Мэмарыял "Дняпроўскі рубеж". Памятны знак разбураецца разам з усім мэмарыялам

Мэмарыял "Дняпроўскі рубеж". Памятны знак разбураецца разам з усім мэмарыялам

Два гады таму Беларуская служба Радыё Свабода ўпершыню паведаміла пра тое, што на Шклоўшчыне ля вёскі Новыя Стаўкі разбураецца мэмарыял «Дняпроўскі рубеж». Напярэдадні афіцыйнага Дня Перамогі карэспандэнт «Свабоды» зноў наведаў яго.

Два гады таму мэмарыял яшчэ выглядаў больш-менш трывала. Сям-там асунуліся былі акопы, якія, аднак, не пакідалі ўражаньня занядбанасьці. Нават бліндаж быў з дахам і пячуркай усярэдзіне. Вось толькі ля мэмарыялу ў 2010 годзе была вывернута гара гною. Летась падгнілыя драўляныя ўмацаваньні акопаў ужо заваліліся. Бліндажа наагул не было. Памятны знак побач з акопамі пачаў асыпацца. Сёлета мэмарыял прыбралі, толькі вось акопы выглядалі неяк ненатуральна завялікімі. На маё «Дык тут усё ў парадку!» шклоўскі краязнаўца, адзін з ініцыятараў стварэньня мэмарыялу Міхаіл Кучарэнка адрэагаваў:

Міхаіл Кучарэнка

Міхаіл Кучарэнка

«Які тут парадак? Тут проста абрэзалі „адзежу крутасьці“, і ўсё паплыло. Гэта цяпер яміна пад сілас, а не траншэя. Яе пашырылі бяз розуму. Усё тут было створана рукамі працоўных Шклова менавіта так, як было ў ліпені 1941 году. Што тут цяпер атрымалася — праспэкт Шміта, а не апорны пункт».

З спадаром Кучарэнкам аглядаем тое, што засталося ад акопных умацаваньняў. Ён адкопвае адзін за адным кулямётныя дыскі, засыпаныя тымі, хто на свой манер наводзіў лоск на мэмарыял.

«Ведаюць, што натварылі спраў, разабралі ўсё. Але ж у мяне ёсьць фатаздымкі, якія пацьвярджаюць, што будаўнічыя матэрыялы былі ў добрым стане. Гэта проста хацелі ўсё зьнішчыць, а грамадзкасьць абурылася, таму зьнішчыць не ўдалося. Вось цяпер яны самі ня ведаюць, як выйсьці з такога становішча. Але нагадзілі яны тут дужа», са скрухай адзначае спадар Кучарэнка.

Усё, што засталося ад бліндажа. У яго схілах птушкі парабілі гнёзды

Усё, што засталося ад бліндажа. У яго схілах птушкі парабілі гнёзды



У Славенскім сельскім савеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца мэмарыял, я пацікавіўся, ці ведаюць там, што зь ім робіцца.

«Там жа мы ўсё прыбралі. Там бліндаж абваліўся цалкам. З акопаў мы прыбралі ўсё драўлянае. Ня ведаем, ці будзе гэта аднаўляцца, ці не. Ну, аднаўляць, відаць, будуць», — выказаў меркаваньне супрацоўнік сельскага савету.

Тое драўлянае, што ня зьвезьлі, спрабавалі спаліць

Тое драўлянае, што ня зьвезьлі, спрабавалі спаліць



Галавешкі й недакуркі — непадалёк ад акопаў, мэтраў за дзесяць. У саміх жа акопах панарабілі гнёздаў птушкі. Стоячы ў яміне ад бліндажа, Міхаіл Кучарэнка зазначыў:

«Каб ня вашы канкрэтныя высілкі па захаваньні памяці пра гераічны подзьвіг 18-й стралковай Казанскай дывізіі, то, напэўна, не існавала б гэтага мэмарыялу. Галоснасьць ёсьць галоснасьць. Няхай яны нічога і не зрабілі за прамінулы год, але ж і не наважыліся зьнішчыць яго канчаткова».

Цяперашні выгляд акопаў

Цяперашні выгляд акопаў



Мэмарыял «Дняпроўскі рубеж» быў задуманы як адноўлены апорны пункт дывізіі — з акопамі, бліндажом. Тут быў памятны знак і інфармацыйны стэнд. У 2008 годзе мэмарыял зрабілі з ініцыятывы жыхароў райцэнтру. Знаходзіцца ён ля вёскі Новыя Стайкі. У ліпені 1941 году салдаты 18-й Казанскай стралковай дывізіі два тыдні не давалі фашыстам збудаваць пераправу праз Дняпро. За дзьвесьце пяцьдзясят мэтраў ад мэмарыялу — і сама рака. На беразе невялікі абэліск. Каб дайсьці да яго, трэба перайсьці ўзаранае поле — кілямэтра паўтара. Поле даходзіць да самога Дняпра.

На беразе Дняпра – невялікі абэліск. Каб дайсьці да яго, трэба перайсьці ўзаранае поле – кілямэтра паўтара. Поле даходзіць да самой ракі

На беразе Дняпра – невялікі абэліск. Каб дайсьці да яго, трэба перайсьці ўзаранае поле – кілямэтра паўтара. Поле даходзіць да самой ракі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG