Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бог маўчаў


Дастаеўскі
Дастаеўскі

У сваім штогадовым пасланьні да беларускага народу і Нацыянальнаму сходу Лукашэнка працытаваў твор Дастаеўскага, прыпісаўшы пісьменьніку ("геніальны пісацель праў") думкі ягонага героя. Пра тое, што стаіць за гэтай цытатай, разважае ў сваім блогу Сьвятлана Калінкіна --> http://skalinkina.livejournal.com/193103.html .

Калі Лукашэнка стаў цытаваць Вялікага інквізытара з «Братоў Карамазавых», мне стала холадна. Здавалася, спрэчкі аб прыродзе дабра і зла — гэта ўжо нешта абстрактнае, фігура маўленьня.

Здавалася неймаверным, што ў хрысьціянскай краіне з самай высокай трыбуны нехта возьмецца цытаваць літаратурнага героя, вядомага тым, што ён аспрэчвае рацыю Хрыста, адмаўляе Бога, прызнаецца ў служэньні запаветам Д’ябла. Але такі чалавек знайшоўся.

«Няма для чалавека нічога больш невыноснага за свабоду». Лукашэнка вырашыў, што ён можа пахваліць за правільную думку вялікага Дастаеўскага. А насамрэч цытаваў Вялікага інквізытара, які кажа Хрысту: «Я не хачу любові тваёй, бо сам не люблю цябе».

Уласна, «Легенда пра Вялікага інквізытара» з «Братоў Карамазавых» — гэта маналёг. Маналёг чалавека, надзеленага ўсёй паўнатой улады, які раптам сустрэў Ісуса, што вярнуўся на зямлю. Ён палымяна даводзіць, што тыя тры спакусы, якімі д’ябал спакушаў яго ў пустыні (у хрысьціянстве гэта трактуецца як барацьба сілаў дабра і зла, у якой перамагае дабро), і ёсьць ісьціна, закон, па якім трэба жыць. Што трэба было браць дары д’ябла, а не адпрэчваць іх.

«Мы выправілі вычын твой... І людзі ўзрадаваліся, што іх зноў павялі, як статак...»

«Заўтра ж я асуджу і спалю цябе на вогнішчы, як найгоршага з ерэтыкоў, і той самы народ, які сёньня цалаваў твае ногі, ужо заўтра на адзін мой узмах кінецца падграбаць да твайго вогнішча вугольле».

«Ты хочаш ісьці ў сьвет і ідзеш з голымі рукамі зь нейкім абяцаньнем свабоды, якога яны, у прастаце сваёй і ў прыроджаным дзікунстве сваім, ня могуць і асэнсаваць, якога баяцца яны і жахаюцца, — бо нічога і ніколі не было для чалавека і для чалавечага грамадзтва больш невыноснага за свабоду».

«Ніякая навука ня дасьць ім хлеба, пакуль яны будуць заставацца свабоднымі, але скончыцца тым, што яны прынясуць сваю свабоду да ног нашых і скажуць нам: «Лепш занявольце нас, але накарміце нас».

«Яны заганныя і бунтаўнічыя, але пад канец яны стануць і паслухмянымі. Яны будуць глядзець на нас і будуць лічыць нас за багоў за тое, што мы, стаўшы на чале іх, пагадзіліся выносіць свабоду і над імі панаваць — так жудасна ім стане пад канец быць свабоднымі! Але мы скажам, што паслухмяныя табе і пануем у імя тваё. Мы іх абдурым зноў, бо цябе мы ўжо ня пусьцім да сябе».

«Мы ўзялі ад яго (д’ябла) Рым і кесараў меч і абвясьцілі толькі сябе царамі зямнымі, царамі адзінымі, хоць і дагэтуль не пасьпелі яшчэ давесьці нашай справы да поўнага заканчэньня. Але хто вінаваты? О, справа гэтая дагэтуль толькі ў пачатку, але яна пачалася. Доўга яшчэ чакаць завяршэньня яе, і яшчэ шмат выпакутуе зямля, але мы дасягнем і будзем кесарамі і тады ўжо падумаем пра сусьветнае шчасьце людзей...»

Карацей, пра героя, з прамовамі якога згодны Лукашэнка, усе ўсё зразумелі. Але як гэтая цытата магла зьявіцца ў ягоным пасланьні?

Ёсьць тры вэрсіі.

Першая вэрсія — пра двоечнікаў. Адзін чытаў вершы Васіля Быкава, але ніколі не чытаў Дастаеўскага, тым ня менш любіць бліснуць эрудыцыяй і лічыць дарэчным спасылацца на клясыкаў у сваіх пасланьнях.

А пасланьні пішуць такія самыя двоечнікі, у якіх унівэрсытэцкі курс літаратуры замацаваўся ў галаве мазаічна, па-за кантэкстам і пэрсанажамі. Такія могуць і Біблію працытаваць неяк так: «У Эвангельлі ад Лукі напісана: «Паклонісься д’яблу, і ўсё будзе тваё». А што там было далей, што на гэтую прапанову адказаў Хрыстос — яны ўжо і не запомнілі ...

Другая вэрсія — кансьпіралягічная. Шмат людзей пісалі тэкст пасланьня, шмат людзей чыталі і ўзгаднялі яго. Недурных людзей, з вышэйшай адукацыяй і вялікімі асабістымі бібліятэкамі. Складана ўявіць, што ўсе яны не знаёмыя з тэкстам, які Дастаеўскі лічыў найлепшым у сваёй творчасьці і які складае ўсяго пару дзясяткаў старонак (многія літаратуразнаўцы так і не зразумелі, чаму тэкст легенды Дастаеўскі уключыў усярэдзіну «Братоў Карамазавых», хоць яна самадастатковая і вартая быць асобным творам). Яе ў курсе літаратуры і вывучалі неяк асобна, таму складана не запомніць.

У сувязі з гэтым узьнікла вэрсія, што цытата зь Вялікага інквізытара, якую ўставілі ў тэкст, — гэта быў знак. Людзі «адтуль» нам, як здолелі, далі зразумець: «Яго вуснамі гаворыць зло. Надзеленае высокім санам зло, якое апісваў яшчэ Дастаеўскі». Праўда, калі гэта быў знак з самога сэрца прэзыдэнцкай Адміністрацыі, то што цяпер нам зь ім рабіць, як рэагаваць? Бо на царкву надзеі няма...

І трэцяя вэрсія. Лукашэнка азнаёміўся з тэорыяй Вялікага інквізытара і цалкам зь ёй згодны. І паверыўшы ў камплімэнты, што ён вышэйшы за Бога, гатовы пераконваць Хрыста ў сваёй, а не ягонай рацыі. У рацыі Д’ябла. «... Статак зноў зьбярэцца і зноў скорыцца, і ўжо раз назаўсёды. Тады мы дамо ім ціхае пакорлівае шчасьце, шчасьце нядужых істот, якімі яны і створаны. О, мы пераканаем іх, нарэшце, не ганарыцца, бо ты ўзьнёс іх і тым навучыў ганарыцца; дакажам ім, што яны слабасільныя, што яны толькі жалю вартыя дзеці, але што дзіцячае шчасьце саладзейшае за ўсякае іншае. Яны пачнуць глядзець на нас і туліцца да нас у страху, як птушаняты да квактухі. Яны будуць дзівіцца і жахацца намі і ганарыцца тым, што мы такія магутныя і такія разумныя, што маглі ўціхамірыць такі буяны тысячамільённы статак... Так, мы прымусім іх працаваць, але ў свабодныя ад працы гадзіны мы зладзім іх жыцьцё, як дзіцячую гульню, зь дзіцячымі песьнямі, хорам, зь нявіннымі скокамі... І ня будзе ў іх ніякіх ад нас таямніц... І яны будуць нам скарацца зь весялосьцю і радасьцю...»

Ня буду, аднак, злоўжываць цытатамі. Здыміце з паліцы «Братоў Карамазавых». Частка другая, кніга пятая, разьдзел пяты. (Маленькі!) Проста быццам з нас пісана. Пазнавальна да жаху. І страшна. Бо галоўнай задумкі Дастаеўскага я ўсё ж зразумець не магу. Хрыстос на працягу ўсёй прамовы інквізытара маўчаў. А пасьля пацалаваў і пайшоў. Да нас, да людзей.

Прабачыў?.. Пакуты мільёнаў людзей, якіх нехта надумаў ператварыць у статак, прабачыў?..
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG