Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году ў Беларусі, дзе моцна парушаюцца правы чалавека, шырока дыскутуецца сярод прадстаўнікоў МФХ, а таксама спартоўцаў, паведамляе фінскі інтэрнэт-партал Sportti.com.

На сайце апублікаванае інтэрвію галоўнага трэнэра беларускай зборнай Кары Хейкіля, які лічыць Беларусь найлепшым месцам для правядзеньня падобнага прэстыжнага турніру, а беларускую сталіцу Менск называе вельмі бясьпечным горадам: «Гасьцей прымуць 50 новых гатэляў, акрамя таго, там ёсьць арэна на 10.000 гледачоў».

Кары Хейкіля кажа, што жыве ў гэтым горадзе і яму няма на што скардзіцца. Ён адзначае, што многія рэчы ў Фінляндыі перабольшваюцца, а рэальная сытуацыя насамрэч іншая:

Кары Хейкіля, трэнэр беларускай хакейнай зборнай

Кары Хейкіля, трэнэр беларускай хакейнай зборнай

«У Менску жывуць два мільёны чалавек, і там усё ў парадку. Я лічу, што Беларусь правядзе лепшы за ўвесь час чэмпіянат сьвету».

Інтэрвію на сайце Sportti.com зьявілася хутка пасьля матчу Беларусь-Казахстан, які адбыўся на хэльсынскай Хартвал-Арэне і скончыўся перамогай беларускай зборнай зь лікам 3:2.

Сёньняшні матч ЧС-2012 пачаўся з палітычнай акцыі беларускіх заўзятараў. Выданьне ўдакладняе, што матч быў затрыманы на 10 хвілінаў з-за тэхнічных прычынаў, і гэты час быў выкарыстаны фанатамі дзеля «палітычнай маніфэстацыі». Некаторыя гледачы выкрыквалі лёзунгі супраць рэжыму Лукашэнкі і махалі забароненымі рэжымам бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Самі арганізатары турніру выступаюць за тое, каб спорт не пераўтвараўся ў палітыку. Як заявіў нямецкай Die Welt генэральны сакратар Нацыянальнай фэдэрацыі хакею Нямеччыны Франц Райндль, яго краіна ня будзе патрабаваць пераносу сталіцы ЧС-2014 зь Беларусі ў іншую краіну. Паводле Райндля, «у МФХ няма альтэрнатывы Беларусі ў якасьць месца правядзеньня турніру».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG