Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майра Мора: Спачатку вызваленьне палітвязьняў, потым – дыялёг


Майра Мора
Майра Мора
Ніякі зьмястоўны дыялёг з уладамі Беларусі немагчымы, пакуль ня будуць вызваленыя і адноўленыя ў сваіх правах усе палітычныя зьняволеныя. Аб гэтым заявіла БелаПАН кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу Майра Мора, камэнтуючы выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, які абвінаваціў Захад і апазыцыю ў зрыве дыялёгу з уладамі.

«Пасьля мер дзеля здушэньня грамадзянскай супольнасьці, палітычнай апазыцыі і незалежных СМІ, якія адбыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, ЭЗ не заставалася нічога іншага, як прытрымлівацца жорсткай пазыцыі, – сказала Мора. – Застаючыся прыхільнікам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня, у тым ліку праз дыялёг і Ўсходняе партнэрства, Рада замежных справаў 31 студзеня 2011 году вырашыла аднавіць абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі. Адначасова ЭЗ узмацніў сваё ўзаемадзеяньне зь беларускім народам і грамадзянскай супольнасьцю праз умацаваньне падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і ахвяр рэпрэсій».

«Эўразьвяз прапанаваў Беларусі пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі і пачаў дыялёг зь беларускім грамадзтвам аб мадэрнізацыі. Аднак ніякі зьмястоўны дыялёг з уладамі немагчымы, пакуль ня будуць вызваленыя і адноўленыя ў сваіх правах ўсе палітычныя зьняволеныя, якія засталіся. ЭЗ гатовы паляпшаць і паглыбляць свае адносіны зь Беларусьсю. Для ЭЗ Беларусь – важны сусед, неад'емная частка эўрапейскай спадчыны і эўрапейскай супольнасьці нацый. Для Беларусі Эўрапейскі Зьвяз – адзін з асноўных гандлёвых партнэраў і важны партнэр у галіновым і рэгіянальным разьвіцьці. ЭЗ па-ранейшаму гатовы дапамагаць Беларусі ў справе дэмакратызацыі і мадэрнізацыі», – падкрэсьліла Мора.

Выступаючы 8 траўня з пасланьнем народу і парлямэнту, Лукашэнка сказаў, што апазыцыя не скарысталася «шырокімі магчымасьцямі», якія былі дадзеныя ёй на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Ён таксама абвінаваціў Захад і «пятую калёну» ў зрыве грамадзкага дыялёгу з уладай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG