Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая агульнабеларуская дыктоўка на польскай мове — 26 траўня


Амбасада Рэспублікі Польшча і Сылескі ўнівэрсытэт у Катавіцах 26 траўня ладзяць першую ў Беларусі дыктоўку на польскай мове.

У Польшчы такая традыцыя нарадзілася ў Катавіцах і існуе ўжо больш за 10 гадоў.

Спраўдзіць свае веды польскай мовы можа кожны ахвотны, незалежна ад узросту і адукацыі, у тым ліку і дзеці. Але дзецям трэба мець пісьмовую згоду бацькоў. Мэта дыктоўкі — адзначыць людзей, якія добра валодаюць польскай артаграфіяй і пунктуацыяй. Дыктаваць тэкст і правяраць дыктоўкі будуць выкладчыкі Сылескага ўнівэрсытэту.

Распавядае дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Эльжбэта Шчэпанска-Дамброўска:

«Звычайна зачытваецца тэкст, падабраны паляністамі ўнівэрсытэту. Будзе правярацца як разуменьне гэтага тэксту, так і артаграфія, правільнае напісаньне слоў, пунктуацыя, кропкі, коскі. Цягам паловы гадзіны ўсе працы будуць правераныя і абвешчаныя вынікі».

Для ўдзелу ў дыктоўцы трэба зарэгістравацца, выкарыстоўваючы электронную форму рэгістрацыі на сайце www.minsk.polemb.net да 25 мая 2012 году. Запоўненыя формы накіроўваюцца на электронны адрас: ambasada.minsk@msz.gov.pl.

Тым, хто піша дыктоўку, нельга карыстацца сотавымі тэлефонамі, партатыўнымі кампутарамі, слоўнікамі, выходзіць з памяшканьня.

Ну, а пераможцаў чакаюць прыемныя сюрпрызы, кажа спадарыня Шчэпанска-Дамброўска:

«Мы плянуем ляўрэатам уручыць добрыя слоўнікі, іншыя дапаможнікі па польскай мове. А пераможца конкурсу зможа ўзяць удзел у Летняй школе польскай мовы і культуры, якая ладзіцца ў горадзе Чэшын на поўдні Польшчы. Перабываньне ў Польшчы будзе доўжыцца месяц. У праграме — ня толькі заняткі па мове, але і культурніцкія імпрэзы, экскурсіі, візыты ў музэі, на канцэрты. Пераможцу чакае агульнае знаёмства з польскай культурай».

Удзел у дыктоўцы бясплатны. Арганізатары не аплачваюць дарожныя выдаткі і пражываньне іншагародніх удзельнікаў у Менску.

Сама польская дыктоўка адбудзецца 26 траўня 2012 году а 12:00 у Інстытуце Гётэ па адрасе: Менск, вуліца Веры Харужай, 25/3, чацьвёрты паверх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG