Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня польскія мытнікі праводзяць дзьвюхгадзінны папераджальны пратэст, які вядомы ў сьвеце па назвай «італьянскага страйку».

Сутнасьць пратэсту польскія мытнікі тлумачаць на сваім сайце:

«Мы будзем выконваць свае абавязкі з асаблівым стараньнем, дбайнасьцю і ангажаванасьцю, а перш за ўсё ― згодна з прадпісаньнямі закону, каб годна паслужыць Айчыне, асабліва ў сьвятле штораз большай тэрарыстычнай пагрозы, прытоку тавараў, якія падлягаюць ахове інтэлектуальнай уласнасьці, і таму падобнага».

Паводле прадстаўніцы Згуртаваньня прафсаюзаў мытнай службы Барбары Смалінскай, «італьянскі страйк» будзе даволі цяжкі для асобаў, якія праходзяць мытны кантроль на мяжы, і значна падоўжыць час мытнага афармленьня.

Польскія мытнікі сёньня працуюць «з асаблівым стараньнем» ад 10-й да 12-й гадзіны. 10 траўня акцыя пратэсту «па-італьянску» працягнецца ад 10-й да 22-й гадзіны. А 11 траўня мытнікі абяцаюць, што пачнуць пратэставаць ад 7-й гадзіны да задавальненьня іх патрабаваньняў.

Паводле польскіх СМІ, мытнікі хочуць мець такія самыя пэнсійныя правы, што вайскоўцы і паліцыянты.

На сёньняшні дзень вайскоўцы і паліцыянты ў Польшчы могуць выходзіць на пэнсію пасьля 15 гадоў службы.

У Польшчы цяпер ідзе абмеркаваньне прапановы рэформы пэнсійнай сыстэмы, паводле якой вайскоўцы і паліцыянты маглі б выходзіць на пэнсію не раней, чым пасьля 55-га году жыцьця і 25 гадоў працоўнага стажу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG