Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі ўхваліў камэнданцкую гадзіну для непаўналетніх


Савет Рэспублікі ўхваліў праект закону «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях прафіляктыкі безнагляднасьці і правапарушэньняў непаўналетніх». Ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытаньні 19 красавіка.

Асноўныя палажэньні закону — забарона для непаўналетніх, якім няма 16 гадоў, знаходзіцца ў начны час (з 23:00 да 06:00) ня ў хаце без суправаджэньня дарослых. Бацькі будуць несьці адказнасьць за невыкананьне абавязкаў па суправаджэньні непаўналетняга ў начны час.

Маці 15-гадовага падлетка спадарыня Ірына выказала такое меркаваньне наконт увядзеньня так званай «камэнданцкай гадзіны»:

«Тут адназначна ня скажаш. З аднаго боку, гэта правільна. А з другога боку, бываюць розныя сытуацыі. Так, аб 11-й гадзіне вечара дзеці павінны быць дома. Гэта маё меркаваньне як маці, у якой сын-падлетак, якому хутка споўніцца 16 гадоў.

Зь іншага боку, шмат імпрэзаў, канцэртаў, на якія ходзяць падлеткі, заканчваюцца пасьля 23-й гадзіны. І нашым праваахоўным органам трэба мець гэта на ўвазе, бо падлеткі ходзяць на канцэрты, сустракаюцца, у кагосьці дні народзінаў. І жорстка падыходзіць да гэтай праблемы ня трэба. Дзяцей больш павінны кантраляваць бацькі, гэта больш бацькоўскае пытаньне, калі іх дзіця павінна быць дома».
Гэта больш бацькоўскае пытаньне, калі іх дзіця павінна быць дома.

16-гадовы падлетак Павал, што да ўвядзеньня камэнданцкай гадзіны і дзеяньняў праваахоўных органаў, выказаў такое меркаваньне:

«Мне здаецца, можа, некаторыя і будуць перавышаць свае паўнамоцтвы, палюючы на падлеткаў. Але, хутчэй за ўсё, ня будуць, таму што яны гэта робяць звычайна, калі справа тычыцца нейкіх палітычных аспэктаў. Калі за гэтае знаходжаньне пасьля 11-й на вуліцы ўводзіць нейкія санкцыі, то гэта будзе не зусім справядліва, бо, можа, канцэрт позна скончыўся. Не заўсёды ж дзеці, калі яны гуляюць пасьля 11-й, расьпіваюць сьпіртныя напоі ці робяць нешта дрэннае. Калі, напрыклад, падлетак гуляе ўначы, то дастаткова яго проста адвесьці дадому і перадаць бацькам».

Вызначаныя катэгорыі непаўналетніх, якія могуць быць накіраваныя ў спэцыяльныя навучальна-выхаваўчыя і лячэбна-выхаваўчыя ўстановы. У прыватнасьці, гэтая норма можа распаўсюджвацца на непаўналетніх, калі яны тры і больш разоў на працягу году ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэньні — наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня, дробнае хуліганства, наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці, дробны крадзеж, расьпіцьцё алькагольных, слабаалькагольных напояў ці піва, зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў п’яным выглядзе, занятак прастытуцыяй, кіраваньне транспартным сродкам у стане ап’яненьня і без правоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG