Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адным зь першых дакумэнтаў новага прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, які ўступіў на пасаду 7 траўня, стаў указ «Аб захадах па рэалізацыі зьнешнепалітычнага курсу Расейскай Фэдэрацыі». Асобным радком у ім прапісаны дачыненьні зь Беларусьсю.

«У мэтах пасьлядоўнай рэалізацыі зьнешнепалітычнага курсу Расейскай Фэдэрацыі, што дазваляе забясьпечваць яе нацыянальныя інтарэсы на аснове прынцыпаў прагматызму, адкрытасьці і шматвэктарнасьці ва ўмовах фармаваньня новай поліцэнтрычнай сыстэмы міжнародных адносінаў» Пуцін даручыў МЗС «супольна зь іншымі фэдэральнымі органамі выканаўчай улады <...> разглядаць разьвіцьцё шматбаковага ўзаемадзеяньня і інтэграцыйных працэсаў на прасторы Садружнасьці Незалежных Дзяржаў як ключавы кірунак зьнешняй палітыкі Расейскай Фэдэрацыі».

Выканаўчая ўлада Расіі павінна:

— пасьлядоўна праводзіць курс на далейшае разьвіцьцё разнаплянавага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельнікаў Садружнасьці Незалежных Дзяржаў у сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай, праваахоўнай і іншых сфэрах;

— спрыяць уваходжаньню ў сілу і практычнай рэалізацыі Дамовы аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 г.;

— працягваць актыўна пашыраць узаемадзеяньне з Рэспублікай Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы;

— спрыяць паглыбленьню эўразійскай інтэграцыі ў межах Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы Расейскай Фэдэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан і стварэньню да 1 студзеня 2015 г. Эўразійскага эканамічнага саюзу, зыходзячы з адкрытасьці гэтых працэсаў для далучэньня іншых дзяржаў, перш за ўсё членаў Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і ўдзельнікаў Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, спрыяць міжнароднаму пазіцыянаваньню новых інтэграцыйных структур;

— умацоўваць Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, яе мэханізмы апэратыўнага рэагаваньня на сучасныя выклікі і пагрозы і яе міратворчы патэнцыял, удасканальваць зьнешнепалітычную каардынацыю ў межах гэтай арганізацыі.

У дачыненьнях з Эўрапейскім Зьвязам Расія павінна выступаць за «дасягненьне стратэгічнай мэты — стварэньне адзінай эканамічнай і чалавечай прасторы ад Атлянтычнага да Ціхага акіяну», «разьвіваць узаемавыгаднае энэргетычнае партнэрства ў мэтах стварэньня адзінага энэргетычнага комплексу Эўропы, дамагаючыся строгага выкананьня наяўных двухбаковых і шматбаковых дагаворных абавязаньняў».

У крызысных сытуацыях Масква будзе «адстойваць безальтэрнатыўнасьць палітыка-дыпляматычнага ўрэгуляваньня рэгіянальных канфліктаў на аснове калектыўных дзеяньняў міжнароднай супольнасьці шляхам уцягваньня ўсіх зацікаўленых бакоў у перамовы».

Органы ўлады Расіі павінны таксама «спрыяць прасоўваньню і абароне інтарэсаў расейскага бізнэсу на зьнешніх рынках, забясьпечваць дыпляматычнае суправаджэньне айчынных дзелавых праектаў, супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі за мяжой расійскіх удзельнікаў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці»; «праводзіць актыўную працу па абароне правоў чалавека, супрацьдзейнічаць спробам выкарыстаньня праваабарончых канцэпцый у якасьці інструмэнту палітычнага ціску і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы дзяржаваў»; «удасканальваць інфармацыйнае суправаджэньне зьнешнепалітычнай дзейнасьці ў інтарэсах аб’ектыўнага ўспрыманьня Расейскай Фэдэрацыі на міжнароднай арэне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG