Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы рубель яшчэ далей адкаціўся ад псыхалягічнай васьмітысячнай мяжы і зафіксаваўся на адзнацы 8150 за даляр. Адпаведна адрэагавалі і камэрцыйныя банкі, якія на мінулым тыдні прымалі амэрыканскую валюту меней чым за 8000 рублёў. Сёньня прадаць даляры можна ў прамежку 8020–8080.

Ці спраўджваюцца прадказаньні аналітыкаў, якія казалі, што пасяўная кампанія, якая традыцыйна зьядае вялізныя сродкі, а таксама неабходнасьць выплатаў па ранейшых пазыках прывядуць да аслабленьня беларускага рубля?

Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц лічыць, што вырашальным стане другое паўгодзьдзе, пакуль жа рубель зь неістотнымі адхіленьнямі будзе трымацца ў цяперашнім калідоры:

«Трэба адзначыць, што ў дзелавых колах досыць вялікія нэгатыўныя чаканьні адносна сытуацыі, якая можа пачаць складацца ў другой палове гэтага году, калі запатрабуюцца значныя сродкі на пагашэньне крэдытаў. Разам з тым пакуль зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць, што сёньня і ўвогуле ў другім квартале сытуацыя будзе даволі стабільная, на карысьць беларускага рубля. Але тое, што будзе адбывацца ў другой палове 2012-га, у трэцім і чацьвёртым квартале, будзе вельмі моцна залежаць ад палітыкі беларускіх уладаў».

Падчас першай аб’яднанай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы ў кастрычніку мінулага году даляр зафіксаваўся на адзнацы ў 8600 рублёў, але ў наступныя месяцы адступаў, максымальна адкаціўшыся сёлета ў красавіку да 8000.
XS
SM
MD
LG