Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На мінулым тыдні нехта замазаў зялёнай фарбай 12 дзьвюхмоўных дарожных знакаў ў гміне Орля на Падляшшы. Замазаныя былі толькі кірылічныя назвы, якія знаходзіліся пад польскімі. Паліцыя шукае вінаватых. Дарожныя знакі пачысьцілі адразу пасьля таго, як быў выяўлены гэты акт вандалізму.

Польскі закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасьцях ды рэгіянальнай мове» з 2005 году дазваляе нацыянальным меншасьцям у тых гмінах, дзе яны складаюць ня менш за 20 адсоткаў насельніцтва, карыстацца мовай меншасьці як «дапаможнай» у кантактах зь мясцовымі ўладамі ды зьмяшчаць на дарожных знаках з назвамі мясцовасьцяў традыцыйныя назвы, побач з польскімі. Каб гэтыя рэчы аформіць, патрэбна адпаведнае рашэньне гміннай рады, якое зацьвярджаецца Міністэрствам унутраных справаў. Выраб і выстаўленьне дзьвюхмоўных знакаў фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

Беларускім актывістам удалося пакуль намовіць толькі дэпутатаў гміннай рады ў Орлі, каб яны справілі сабе такія дзьвюхмоўныя дарожныя паказальнікі (паводле перапісу 2002 году, у гміне Орля амаль 69% насельніцтва складаюць беларусы). Па закону, дзьвюхмоўныя знакі можна было б паставіць на Падляшшы ў дзесяці вясковых гмінах і дзьвюх гарадзкіх (Бельск і Гайнаўка), калі б мясцовыя дэпутаты прынялі адпаведныя рашэньні. Але ці прымуць?

Замаляваньне такіх знакаў у гміне Орля — гэта, хутчэй за ўсё, аргумэнт супраць іх выстаўленьня для беларускіх дэпутатаў у іншых падляскіх гмінах. Навошта, як той казаў, яшчэ мацней падаграваць абстаноўку?

Незалежна ад таго, хто ўчыніў гэты вандалізм — мясцовыя неарганізаваныя хуліганы ці нейкая нацыяналістычная і правая групоўка, якім цяпер у Польшчы і ліку няма — то падляскія беларусы і так будуць думаць, што гэта зрабілі «палякі», якія ня любяць «рускіх» і «праваслаўных».

Пытаньне ня менш важнае пры нагодзе гэтага інцэдэнту — а што думаюць самыя палякі пра такія выбрыкі ў адносінах да нацменшасьцяў? Ня так даўно дзьвюхмоўныя дарожныя паказальнікі былі замаляваныя і ў гміне Пуньск на поўначы падляскага ваяводзтва, дзе жывуць літоўцы (то бок, ня «рускія» і не «праваслаўныя»).

Дарэчы, літоўцы пасьля таго, як ім замазалі іх назвы на дарожных знаках, зьнялі тыя паказальнікі наогул. У гэткай форме яны заявілі свой пратэст супраць штораз больш выразнай у грамадзтве хвалі нецярпімасьці да нацменшасьцяў.

Пэўны погляд на тое, што могуць думаць палякі пра дзьвюхмоўныя назвы мясцовасьцяў у Польшчы, даюць камэнтары пад паведамленьнем аб замаляваньні знакаў у гміне Орля ў беластоцкай газэце «Кур’ер Поранны».

Дыскутантаў, якія на форуме беластоцкай газэты спрабавалі знайсьці нейкае апраўданьне ці, лепш сказаць, «рацыяналізацыю» для гэтага вандалізму, можна збольшага падзяліць на тры групы.

У першай групе знаходзяцца тыя, якія адкрыта сьцябаюцца з усёй сытуацыі. А што, маўляў, беларусы не маглі патрапіць дахаты, калі ім замалявалі кірылічныя назвы і пакінулі толькі польскія? Яны і да гэтай пары ня вывучылі польскую мову?

Другая група імкнецца знайсьці для інцыдэнту «палітычную рацыяналізацыю»: а чаму ж гэта Польшча мае выстаўляць беларусам ці літоўцам паказальнікі на іхных мовах, калі ні Беларусь, ні Літва не выстаўляюць такіх знакаў сваім палякам на польскай мове?

Да трэцяй групы належаць тыя, якія лічаць, што Польшча — гэта краіна для палякаў, і ніякімі меншасьцямі ня трэба дурыць сабе галавы ні, тым больш, даваць ім такія прывілеі, як дзьвюхмоўныя дарожныя знакі ці шыльды. Тое, што адбываецца ў краіне цяпер, паводле гэтых «радыкальных патрыётаў», зьяўляецца вынікам кіраваньня Грамадзянскай плятформы, у якой насамрэч за ніткі цягаюць варожыя Польшчы эўрапейскія цёмныя сілы. Вось прыйдзе да ўлады Права і справядлівасьць, тады і навядуць парадак з усімі гэтымі «рускімі», «хахламі» і «жыдамі»...

Першую са згаданых групаў можна альбо адукаваць альбо проста праігнараваць. З трэцяй, якая ходзіць пад сваімі чорнымі штандарамі па вуліцах і заяўляе , што «Польшча — для палякаў», разьбірацца трэба польскай паліцыі і польскім палітыкам.

А вось найбольш складана з другой групай. Ім можна паспрабаваць нешта растлумачыць. Калі, зразумела, вы ведаеце, як растлумачыць, чаму ў Літве і Беларусі ўвогуле няма такіх дзьвюхмоўных дарожных знакаў, або чаму ў польскай школе ў Горадні ўводзяць клясы з расейскай мовай навучаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG