Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік «Растэхналогій» хоча, каб кантрольны пакет холдынгу КАМАЗу і МАЗу належаў расейцам


Сяргей Чэмезаў

Сяргей Чэмезаў

Расейскі бок павінен мець 50% плюс адну акцыю ў холдынгу Камскага аўтамабільнага заводу і Менскага аўтамабільнага заводу, інакш структурай немагчыма будзе кіраваць, лічыць кіраўнік дзяржкарпарацыі «Растэхналогіі» Сяргей Чэмезаў.

«50 на 50 ствараць сэнсу няма, гэта структура, якая ня будзе паддавацца кіраваньню. Тым больш зь імі (зь беларускім бокам). Таму мы кажам — давайце мы (Расея) больш возьмем, але 50 плюс адзін», — цытуе словы Чэмезава Расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».

Камэнтуючы ход перамоваў у справе стварэньня холдынгу паміж КАМАЗам і МАЗам, ён адзначыў, што «ўсё па-ранейшаму». Беларусь прадставіла новую ацэнку, якая расейскі бок не задавальняе.

З прапановай аб’яднаць КАМАЗ і МАЗ выступіла дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі», якой належыць 49,9% акцыяў найбуйнейшага расейскага вытворцы грузавых аўтамабіляў. Першапачаткова бакі разглядалі варыянт абмену акцыямі КАМАЗа і МАЗа ў рамках аб’яднаньня дзьвюх кампаній. Аднак беларускія ўлады адмовіліся ад гэтага варыянту. Затым было прапанавана стварыць СП, у якое будуць унесеныя 49,9% акцыяў КАМАЗу і 49,9% акцыяў МАЗу, а таксама цэлы шэраг прадпрыемстваў, якія вырабляюць аўтакамплектуючыя як у Расеі, так і ў Беларусі, перадае БелаПАН.

Колішні дарадца генэральнага дырэктара Менскага аўтазаводу Валянцін Лопан мяркуе, што прадаваць прадпрыемства ў сёньняшніх умовах неабачліва, і лічыць гэта стратэгічнай памылкай беларускага кіраўніцтва:
Пакуль ён танны, захапіць кантроль над прадпрыемствам, а потым прадаць камусьці са стратэгічных партнэраў ужо нашмат даражэй.

«Цяпер МАЗ нельга прадаваць. Ацэньваць — так, трэба. Каб ведаць, колькі ён рэальна каштуе, каб пераканацца: калі цяпер ён каштуе няшмат, значыць, варта пачакаць, бо нявыгадна яго за нішто прадаваць. Кажучы аб’ектыўна, такая сытуацыя выгадная толькі пасярэдніку, які хоча нейкім чынам на роўным месцы „сьсекчы грошай“. Ці ў нас яшчэ гэта называюць „намэнклятурнай прыватызацыяй“. То бок у гэты момант, пакуль ён танны, захапіць кантроль над прадпрыемствам, а потым прадаць камусьці са стратэгічных партнэраў ужо нашмат даражэй. І на гэтым зарабіць сотні мільёнаў даляраў».

Камэнтуючы ход перамоваў зь беларускім урадам аб стварэньні холдынгу паміж КамАЗам і МАЗам, Сяргей Чэмезаў адзначыў, што «ўсё застаецца па-ранейшаму». Вось ужо амаль паўтара года бакі ня могуць прыйсьці да паразуменьня, выстаўляючы адзін аднаму ўсё новыя ўмовы. Да таго ж ня так даўно Беларусь прадставіла партнэрам новую ацэнку прадпрыемства, якая расейцаў не задавальняе. На іх думку, 1 мільярд даляраў за МАЗ — цана завышаная, бо нават нашмат больш капіталізаваны КамАЗ ацэнены ў 1 мільярд 680 мільёнаў даляраў.
XS
SM
MD
LG