Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку этапавалі ў Віцебск


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

7 траўня актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку этапавалі зь Менскага сьледчага ізалятара ў Віцебскі сьледчы ізалятар.

Пра гэта намесьніку старшыні КХП БНФ Юрасю Беленькаму, які рэгулярна апякуецца вязьнем, паведаміў дзяжурны менскага ізалятара.

Паводле Лідзіі Каваленкі, якая бачылася з сынам на мінулым тыдні, ён выглядае яшчэ вельмі схуднелым. «Лекары кажуць, што ад спыненьня галадоўкі Сяргей набраў 10 кіляграмаў вагі, але ён па-ранейшаму вельмі слабы. Зь яго працягваюць зьдзек, зараз дамагаюцца ад яго, каб напісаў прашэньне аб памілаваньні, хоць ён не вінаваты».

На пачатку сакавіка Сяргея Каваленку, які тады знаходзіўся на «Валадарцы», ужо этапавалі ў Віцебск і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню пры калёніі «Віцьба-3». На той этап спатрэбілася менш за дзень, адзначылі сваякі Сяргея Каваленкі.

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне парадку адбыцьця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе. Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Каваленку палітвязьнем.
XS
SM
MD
LG